Прэса

Прэса 2014
«Звязда» №114, пятница, 20 июня 2014 г. «Шляхта. Брутальная гісторыя»
12 ліпеня 2014

«Звязда» №114, пятница, 20 июня 2014 г.
«Шляхта. Брутальная гісторыя»

Прэм’ера гістарычнай сагі з такой назвай адбудзецца ў панядзелак на тэлеканале «Беларусь 3». Гэта чарговая праца з серыі нашумелых гістарычных цыклаў, што ствараеаўтарскі калектыў Агенцтва тэленавін на чале з Міхасём Равуцкім.

Новы праект прысвечаны эліце нашых земляў — шляхце. Гэтае слова сёння многія памылкова, на думку стваральнікаў, перакладаюць як «дваранства». Віной таму — тыя падручнікі па гісторыі, дзе айчыннае мінулае падавалася праз бачанне расійскіх гістарыёграфаў. Але калі ў нашай усходняй суседкі дваране былі пры двары цара і цалкам яму падпарадкоўваліся, то шляхта, наадварот, нават выбірала караля ў часы Рэчы Паспалітай. Вылучалася гэта саслоўе і сярод заходняй арыстакратыі… Пра гэтыя і іншыя асаблівасці, якія робяць нашу шляхту ўнікальнай, — у серыях сагі.

Дырэктар Агенцтва тэленавін, кіраўнік праекта Кірыл Казакоў адзначыў, што яны не здымалі «банальны відэададатак для экскурсаводаў». Хаця маглі б пайсці па шляху найменшага супраціўлення і зняць чарговую дакументалку з акцёрамі пра нібы бясконцыя нясвіжскія балі, пра мядзведжую акадэмію і стайні з дыванамі на падлозе. Гэты праект, па словах дырэктара, — зусім іншы жанр, хоць і гістарычнага «гламуру» дастаткова. Творчая група імкнулася, каб усё было жыва, сучасна і зразумела. Суаўтарамі праекта выступілі прадстаўнікі навуковай эліты з розных краін. Яны агучылі надзвычай шмат розных фактаў і поглядаў.

Стваральнікі запэўніваюць, што яны разбурылі стэрэатып пра тое, што па-беларуску можна перадаць выключна «лірычны запаветны напеў». Ніякай лірыкі! За кадрам гучыць брутальны голас — і гэта карэспандэнт АТН Анатоль Ліпецкі, які раней быў адзначаны на «Тэлевяршыні» як лепшы вядучы. «Прызнаюся, — кажа Кірыл Казакоў, — ад некаторых агучаных ім рэчаў нават нам было страшна».

Не абышлося ў сазе і без «выкрыцця таямніц». Каму ж не хочацца дакапацца да ісціны? Без міфаў і легендаў мінулае выглядае цьмяным — і на чым, як не на іх, рабіць турыстычны бізнес? Аказваецца, стварэнне міфаў на пэўных гістарычных этапах магло быць камусьці выгадным. І менавіта легенды часам аддалялі наступныя пакаленні ад гістарычнай праўды. Пацвярджаючы гэта, загадчык аддзела культуры Агенцтва тэленавін Міхаіл Равуцкі ўзгадаў славутага Пане Каханку. Падчас вымаўлення імя гэтага Радзівіла на вуснах адразу з’яўляецца ўсмешка. Хто ён у легендах? Весялун, балака і п’яніца, які ездзіў на мядзведзях па солі замест снегу. Але калі ўспомніць тыя часы, то гэта быў даволі напружаны перыяд адносін паміж ВКЛ і Расійскай імперыяй. І апошняя распускала чуткі пра магната, каб падарваць аўтарытэт сапраўднага стратэга і патрыёта на міжнароднай арэне. Ну чым не інфармацыйная вайна? І такіх прыкладаў шмат, дадае Равуцкі.

Праект «Шляхта. Брутальная гісторыя» напоўнены візуальнымі мастацкімі знаходкамі, а ўвесь графічны і анімацыйны дызайн — арыгінальная праца рэжысёра мінулых прэм’ер Марыі Жукавай.

Нагадаем, што аўтары чатырох папярэдніх праектаў з гэтай серыі, знятых у сямі частках («Слуцкія паясы. Тайныя знакі», «Радзівілы. Тайны сям’і», «Нацыянальная дылогія. Статут ВКЛ», «Нацыянальная трылогія. Герб. Гімн. Сцяг»), былі адзначаны на вышэйшым узроўні і сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Дарэчы, абсалютна ўсе выпускі на беларускай мове.

Дзе: «Беларусь 3».
Калі: 23 чэрвеня ў 19:10.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ