Прэса

Прэса 2014
"Я не агучваю Сплюшыка...". «Звязда» №57
1 красавіка 2014

«Я не агучваю Сплюшыка, а жыву ім»

«Звязда» №57, пятница, 28 марта 2014 г.

   Акцёрства ў ёй праяўлялася з ранніх гадоў. Яно маскіравалася пад бунтарства, цікавую гульню, калі нават нелюбімыя справы рабіліся з задавальненнем, бо дзяўчынка ўяўляла, быццам здымаецца ў кіно… Сёння Эмілія Пранскутэ працуе не толькі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, але і на тэлебачанні. Менавіта яе голасам размаўляе чароўны герой Сплюшык у праграмах «Дабраранак» і «Калыханка» на тэлеканале «Беларусь-3». Пра лекавыя ўласцівасці сцэны, веру ў цуды і магчымасць вярнуцца ў дзяцінства наша гераіня ведае з уласнага вопыту.

Вас называюць «мамай» Сплюшыка з «Калыханкі». Хто ён і як з’явіўся?

— Гэта фантазійны персанаж, які, па ідэі, з’яўляецца пажам Феі сноў у праграме.

   Задумваючы яго, мы вызначылі яго ролю так: калі дзеці засынаюць, ён іх наведвае, каб паправіць падушку ці коўдру. Чым тлумачыцца і наяўнасць у яго крылаў. Прыдумлялі яго разам з кіраўніцай рэдакцыі дзіцячых праграм Белтэлерадыёкампаніі Аленай Будрыцовай і мастачкай Наталляй Кудашкінай, яна мастак-лялечнік, стварала і лісічку Яну з мядзведзікам Топам. Сядзелі мы, фантазіравалі, і кожны дзяліўся бачаннем вобразу Сплюшыка. Калі намалявалі яго і вылепілі, то сутыкнуліся з праблемай: з чаго ж зрабіць гэтую істоту? І Наташа пэўны час мучылася над гэтым пытаннем, а потым неяк у краме знайшла кофтачку, якая стала фактурай для вобліку нашага казачнага героя. Мне здаецца, яму пасуе.

— Улічваючы ваш удзел у стварэнні персанажа і тое, што вы яго агучваеце, як вы ставіцеся да яго?

— Я катэгарычна не згодна з тым, што я яго агучваю, бо мы насамрэч жывём сваімі героямі на здымачнай пляцоўцы. Для мяне як для актрысы вельмі важны момант, што я не проста прыйшла на працу, дзе даручылі асвойваць новую ролю, а ў мяне з’явілася дзіця, дзякуючы якому я і мае калегі Уладзімір Варанкоў і Іна Ганчар маем магчымасць вярнуцца ў дзяцінства. Сур’ёзна! Нам пішуць сцэнарый, але мы настолькі пераўвасабляемся, што не адчуваем сябе дарослымі. І нам гэта вельмі падабаецца.

— Чытала расповеды вашых калег, што часам, прыдумляючы цікавыя дзеянні для вашых персанажаў, сцэнарысты занадта захапляюцца. Са Сплюшыкам такія сітуацыі здараліся?

— Такое бывае перыядычна ў нас на здымках. Паколькі мы працуем з лялькамі, то некаторыя дзеянні складана выканаць. Аднак чароўная сіла тэлебачання дапамагае знайсці выйсце з любой сітуацыі. Напрыклад, неяк мой Сплюшык па сцэнарыі павінен быў катацца на каньках. Разам з рэжысёрам і мастаком мы змаглі зрабіць цуд — ён катаўся! Потым я думала: «Навошта зрабілі гэта? Цяпер жа сцэнарысты яшчэ не такое прыдумаюць!» У нас ёсць людзі, якія заўсёды дапамогуць зняць любую сітуацыю максімальна набліжана да рэальнасці. Калі ў некага ў працэсе ўзнікаюць свае ідэі, то і іх мы агучваем. Заўсёды ёсць месца імправізацыі і магчымасці пры жаданні карэкціраваць сцэнарый.

— Якой вы самі былі ў дзяцінстве?

— З мяне хацелі выхаваць паслухмяную дзяўчынку, а я любіла хуліганіць. Нават не ведаю, як маім бацькам удалося перажыць усе мае выхадкі. З пяці гадоў мяне аддалі вучыцца іграць на скрыпцы. Не магу сказаць, што занятак гэты мне не падабаўся, але штодзённая патрэба практыкавацца выклікалі мае абурэнне і пратэст. Бо пакуль я гадзінамі займалася, іншыя дзеці весела бавілі час на вуліцы. І вось неяк (праўда, тое здарылася ўжо ў класе шостым) прыйшоў у госці мой дзядзька, у якога была загіпсаваная рука. І так атрымалася, што ён пакінуў гіпс у нас. Я вырашыла забраць яго сабе і, прыматаўшы да рукі, пайшла да сваёй выкладчыцы па скрыпцы. Прагульвала заняткі па спецыяльнасці, пакуль маме не патэлефанавалі, каб пацікавіцца, як там мая рука. Бацькі былі шакіраваны, і мне ўляцела… Сёння я ўдзячна маме з татам, што прайшла праз «пакуты» ігры на скрыпцы, але з дзяцінства я была авантурысткай.

— Бесшабашнасць засталася і сёння ў вашым характары?

— Безумоўна! Я не ўяўляю, як без яе можна жыць. Нават мой прыезд з Вільнюса ў Мінск быў у свой час безразважным учынкам. У 17 гадоў я сказала дома, што кідаю іграць на скрыпцы, бо вырашыла стаць актрысай. Проста ўзяла і без ваганняў паехала ў іншы горад. Так праяўляліся мае пратэст і характар.

— А праграму «Калыханка» таксама глядзелі маленькай?

— У часы майго дзяцінства не было такога разнастайнага выбару дзіцячых перадач і мультфільмаў. Але мы са стрыечнай сястрой глядзелі маскоўскую «Спокойной ночи, малыши», якая доўжылася 15 хвілін, і паспявалі потым паглядзець яшчэ нашу літоўскую «калыханку», якую лічылі лепшай, бо яна ішла паўгадзіны. Глядзелі два мультфільмы за вечар і заўсёды спрабавалі ўявіць людзей, чыімі галасамі размаўлялі жабкі альбо мядзведзікі ў іх.

— На ваш погляд, наколькі важна глядзець з дзецьмі «Калыханку», чытаць ім казкі перад сном?

— Сёння мульцікі для дзяцей даступныя ў вялікай колькасці і можна выбіраць любы зручны час для прагляду ўлюбёных праграм. Прайшлі часы, калі ўсё дзіцячае насельніцтва збіралася ля экранаў. Але, спадзяюся, ёсць тыя, хто выбірае кожны вечар кампанію нашай «Калыханкі», бо дзеля гэтага працуе наша каманда.
А наконт казак магу сказаць наступнае: для дзіцяці казка з’яўляецца мадэллю жыццёвага вопыту. І, як ні дзіўна, дзеці любяць пастаянства, таму, бывае, сын ці дачка хочуць слухаць адну і тую ж гісторыю. Нават ведаючы яе на памяць, усё роўна выбіраюць. Усе звыклыя для нас рэчы для дзіцяці — новыя адкрыцці, а дарослыя часам забываюць пра гэта. Я, напрыклад, падчас здымак праграмы паглыбляюся ў свайго персанажа і маю магчымасць паглядзець на свет вачыма дзіцяці.

— Няўжо і ў цуды верыце?

— Так, напрыклад, хутка ў нас прэм’ера спектакля «Хітрыкі Ханумы», і для мяне гэта чаканне цуду, бо невядома, што атрымаецца, як адрэагуе на яго глядач. Вясна наступіла, самалёты лётаюць — для мяне гэта сведчанне цуду. Сяброўства, каханне — таксама яго праявы.

— Раскажыце пра сваю гераіню ў прэм’ерным спектаклі…

— Я пакуль што не магу дакладна сказаць вам, якая яна. Ведаеце, ёсць асацыяцыя «што такое роля»: уявіце, у вас ёсць родзіч, пра якога вы шмат ведаеце, але ніколі з ім не бачыліся. І вось толькі пры сустрэчы твар у твар вы зможаце зразумець, хто ён і чым дыхае. У мяне такі момант сустрэчы будзе на прэм’ерным паказе. З таго, што я ведаю пра Хануму сёння, — гэта ўнікальная жанчына, прафесіяналка сваёй справы і гісторыя пра яе.

— Сцэна можа ратаваць ад рэальнасці?

— Яна, здараецца, лечыць у літаральным сэнсе. І акцёрам такая яе ўласцівасць вядомая. Я не магу ніяк патлумачыць гэты феномен. Бывае, у такім кантэксце кажуць пра гераізм акцёраў, калі яны выходзяць іграць спектакль пасля смерці блізкага чалавека ці нейкай іншай нягоды. Я не бачу ў гэтым гераізму, прабачце за цынізм, але згодна з тым, што чалавек існуе на час спектаклю ў іншай рэальнасці, якая яго ратуе.

— Вас можна сустрэць у тэатры ў якасці гледача?

— Тэатр — месца абмену энергіяй акцёра і гледачоў. Кожны спектакль унікальны і адбываецца толькі тут і цяпер. Калі паглядзіце нейкую пастаноўку сёння, то праз месяц вашы ўражанні ад яе будуць зусім іншымі. Таму я стараюся наведваць спектаклі, каб і за калег парадавацца, і задавальненне атрымаць.

— Калі спектакль пастаўлены няўдала, выказваеце крытыку?

— Не заўсёды «дрэннае» трэба расцэньваць як няўдачу. І па прэм’ерным паказе нельга складаць ацэнку: здараецца, «стрэліць» спектакль, які адыгралі на адрэналіне, а потым «застаецца кароль голым». Альбо наадварот, заўважаеш тут і там недахопы, аднак разумееш, што акцёры разыграюцца — і ўсё стане на свае месцы. У ацэнках чужой і нават сваёй працы мы ўсе суб’ектыўныя і, напрыклад, мне можа не спадабацца, а публіка будзе задаволеная. Пра сябе магу дакладна сказаць: калі бачу недапрацоўку, то хваліць не стану.