Прэса

Прэса 2015
Слухаць фальклор і… прыслухоўвацца да сябе
23 студзеня 2015

"Звязда", 23.01.2015

Народная песня аб’ядноўвае невыпадковых людзей

Зямля не толькі корміць, дае прытулак, але і прыцягвае таленты. Можа, таму беларуская глыбінка такая багатая на фальклорныя аматарскія калектывы. Там ведаюць і паважаюць свае карані, працягваюць і захоўваюць традыцыі той мясцовасці, дзе нарадзіліся альбо аказаліся па волі лёсу, і, безумоўна, знаходзяць час для душэўных песень. Чарговым таму пацвярджэннем стала сумесная фальклорная экспедыцыя карэспандэнта «Звязды» са здымачнай групай праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь-3» у вёску Пратасевічы Асіповіцкага раёна…

Вядома, што мясцовасць, дзе знаходзіцца сучасная вёска, узгадвалася ў «Літоўскай хроніцы» пад назвай Прудашэвічы прыкладна ў 1473 годзе. Менавіта тады, паводле архіўных звестак, княгіня Марыя Гальшанская (удава Сямёна Гальшанскага) атрымала ў часовае карыстанне гэтую вёску. Пазней, у 1513 годзе, Пратасевічы ўваходзілі ў склад Свіслацкай воласці Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Назва населенага пункта паходзіць ад слова «пратас» — драўлянае прыстасаванне, якім укатвалі гліну на гарышчы для яго ўцяплення. Да гэтай пары тут захаваліся старыя назвы вуліц, завулкаў, лясоў і палёў вакол вёскі. Напрыклад, Добры востраў — гэта палянка ў лесе каля Пратасевічаў. Раней на гэтым месцы было шмат суніц, і мясцовыя жанчыны заўсёды вярталіся адтуль са «здабычай» свежых ягад. Альбо вось яшчэ адна назва: «жэрванок» — так называюцца ўзгоркі ўздоўж рэчкі, што знаходзіцца побач з вёскай. Па меркаваннях старажылаў, на гэтых узгорках некалі знаходзілі вялікія плоскія камяні, з якіх потым рабілі жорны для хатняга выкарыстання. А мясцовы дыялект ператварыў слова «жорнавы» ў «жэрванок»…

Нязменным багаццем гэтай зямлі, здаецца, засталіся людзі, якія тут жывуць, бо яны гасцінныя, працавітыя і з песняй у душы. У такіх калектываў, як народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Сузор’е», можна знайсці багатую палітру творчасці. У выкананні яго ўдзельнікаў (яны розныя нават па ўзросце — ад хлапчукоў і дзяўчат да дарослых мужчын і жанчын) можна пабачыць адмысловыя танцы, песні. І пасля кожнага нумара хочацца працягу гэтай асалоды… Асабліва заварожвалі песні, якія выконваліся акапэльна. Так, адна з юных салістак калектыву Ліза Заяц выканала «Сіня морушка глыбока» і «Няхай будзе пагодачкай»:

Сіня морушка глыбока,
Дай не відна ў моры дна.
Я ад маменькі далёка,
Дай не бачылась года два.
Ой, на што ж ты мяне, мамачка,
Дай у пятніцу радзіла?..
…Усім жа месяц свеціць ясненькі,
А мне ночанька дацямна.
Усім жа свята нядзеляйкай,
А мне горачка да бяда.

Ліза сваім голасам многіх застаўляе прыслухоўвацца, і яе талент не застаецца незаўважаным. У мінулым годзе яна разам з іншымі «сузор’еўцамі» прымала ўдзел у фестывалі «Факел» у Белгарадзе. Там юную спявачку адзначыла народная артыстка Расіі Аляксандра Пермякова, якая ўзначальвала журы. У выніку Ліза заняла 2-е месца ў намінацыі «Народны вакал» і атрымала магчымасць паўдзельнічаць у фінале фестывалю, што адбудзецца вясной у Славеніі.

Не менш чароўнай і кранальнай аказалася і сіроцкая песня-галашэнне ў выкананні Алены Нішур:

Сіротанька жыта жала,
К сырой зямле прылягала.
З сырой зямлёй гаварыла:
— Ты сырая маць-зямелька,
Узяла бацьку, узяла мамку,
Узяла ўсю маю радзінку,
Вазьмі мяне сірацінку.

Пакуль дзяўчаты выконваюць свае сольныя песні, у калідоры астатнія ўдзельнікі, хвалюючыся, рэпеціруюць наступныя нумары. А некаторых артыстаў чакаем, бо не ва ўсіх атрымалася вырвацца з работы. Напрыклад, адзін з удзельнікаў «Сузор’я» Аляксандр развозіць хлеб па раёне, таму часам даводзіцца ахвяраваць справай для душы на карысць працы…

Ансамбль народнай музыкі і песні «Сузор’е» існуе ўжо 25 гадоў, і яго ўдзельнікі пра сябе кажуць, што яны не народныя артысты, а артысты з народу.

— «Сузор’е» ў 1988 годзе заснавала яшчэ мая маці, Соф’я Мароз, што працавала ў сельскім Доме культуры. Туды прыходзілі мясцовыя жыхаркі спяваць песні, танцаваць і ладзіць розныя абрады. Я была дзіцем, якое за ўсім гэтым назірала, — расказвае сённяшні кіраўнік ансамбля Наталля Еўдакімовіч. — Мне заўсёды хацелася, каб у калектыве былі мужчыны, хаця традыцыйна ў вясковых фальклорных ансамблях пераважаюць жанчыны.

Калі пасля заканчэння ўніверсітэта Наталля вярнулася ў родную вёску, то ў пэўным сэнсе яна была ўжо чалавекам з вопытам. Бо за студэнцкія гады не толькі веды атрымлівала (па прафесіі яна выкладчык па класе баяна), але і наведала шматлікія канцэрты розных калектываў, такіх як «Церніца», «Неруш», «Баламуты»… Імі захапляліся і на іх арыентаваліся. А з часам пачалі і сябе паказваць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У 2004 годзе адбылася першая такая паездка ў Славакію. Потым былі фестывалі і гастролі. Як адзначаюць удзельнікі «Сузор’я», кожная з паездак па-свойму запамінальная, бо часам знаёмствы з іншымі нацыянальнасцямі адбываюцца без слоў, а толькі праз песні, усмешкі…

Пратасевічы маюць таксама шмат цікавых традыцый. Раней месцічы з большай увагай ставіліся да царкоўных святаў. Напрыклад, як кажуць, на Вялікдзень птушка гняздо не ўе, а жанчына валасоў не расчэсвае, таму гатавалі розныя прысмакі (разам з тым трымалі пост і ніхто яго не парушаў), апраналіся ва ўсё новае і так сустракалі свята. Каталі яйкі на лавачцы, гулялі ў розныя гульні. Святкуючы Купалле, збіралі розныя зёлкі. Кажуць, у гэтай вёсцы жыло многа бабуль-шаптух. На Каляды прыходзілі ў хату і, жадаючы дабрабыту, абсыпалі гаспадароў збожжам, якое павінна было ляжаць у калядную ноч на падлозе. Наталля Еўдакімовіч расказвала, што ёй любоў да фальклорнай творчасці перадалася не толькі ад маці, бо яшчэ яе бабуля і прабабуля таксама былі пявуннямі. А дзед быў найлепшым танцорам на вёсцы. Лічылася, што такі хлопец выбірае ў нявесты сабе самую прыгожую дзяўчыну. Так, відаць, два аматары народнай творчасці аб’ядналіся ў сям’ю невыпадкова. Бо і да сёння працягваецца сямейнае захапленне спевамі і танцамі.

Дарэчы, спынімся на святкаванні вяселля. Перш, чым гуляць тыдзень і ўсёй вуліцай святкаваць нараджэнне новай сям’і, дамаўляліся на ўзроўні бацькоў. Малады са сваімі бацькам і маці ішоў да маладой прасіць яе рукі. Калі дзяўчына перадумала выходзіць замуж, то выкочвалі гарбуз, што быў сведчаннем адмовы. Але не варта пра сумнае, лепш пра вясёлае і адметнае пагаварыць. Вызначыўшыся з датай вяселля, маладыя не бачыліся тыдзень. Нявеста склікала сябровак, з якімі ладзілі пасядзелкі з песнямі (аплаквалі дзявочую долю і расчэсвалі косы маладой), а хлопец праводзіў гэты час з сябрамі за гульнямі. На вяселле гатавалі стравы ўсёй вуліцай, з кожнай хаты нешта прыносілі. З песнямі замешвалі каравай, а калі ён выпякаўся, то ў доме паводзілі сябе як мага цішэй. Бо, калі каравай падгараў ці перапякаўся, то гэта лічылася дрэннай прыкметай для будучай сям’і. На вяселле маладых везлі на запрэжаных конях, упрыгожаных званочкамі, каляровымі стужкамі. Малады і маладая ехалі стоячы. Калі дзялілі каравай, то родныя і сябры дарылі новай сям’і падарункі. Пасля вяселля маладая жыла ў доме бацькоў мужа і цэлы тыдзень не мела нават права зайсці да сваіх маці і бацькі. А тыя ў сваю чаргу праз тыдзень чакалі маладых у госці.

Дзяўчаты выходзілі замуж не толькі за мясцовых хлопцаў. Недалёка ад вёскі знаходзіўся ў былыя часы вайсковы палігон, дзе стаялі гарнізоны казакоў. Бывала, што вясковым хлопцам даводзілася нават абараняць сваіх дзяўчат ад «гасцей». Але калі казак перамагаў, то меў права забраць дзяўчыну, якая яму спадабалася. Таму нямала раз’ехалася адсюль дзяўчат па ўсім свеце…

Ішоў казак дарогаю,
Сустрэў дзеўку, зваць Галяю.
— Пастой дзеўка, пастой, красна,
Я штось табе сказаць маю.
Я штось табе сказаць маю:
Сем загадак я загадаю.
Адгадаеш — мая будзеш,
Не адгадаеш — чужа будзеш.
Ой, што расце без кораня?
Ой, што плыве без повада?
Ой, што пячэ без жарыны?
Ой, хто жыве без дружыны?
Ой, хто ўецца кругом дрэўца?
Ой, што сушыць каля сэрца?
Ой, што грае — голас мае?—
Казак — дурань, што пытае.
Камень расце без кораня.
Вада плыве без повада.
Сонца пячэ без жарыны.
Казак жыве без дружыны.
Ой, хмель уецца кругом дрэўца.
Любоў сушыць каля сэрца.
Скрыпка грае — голас мае.
Дзеўка Галя адгадае.
Ішоў казак дарогаю…

Часы змяніліся, а песні засталіся. І кожная з іх, як мне здаецца, не проста адлюстраванне часу, але і магчымасць спыніцца ў роздуме, паспачуваць героям іх гісторый альбо павесяліцца разам з імі. А самае галоўнае — гэта прыслухацца да сябе ў такія моманты, бо душа заўсёды адгукаецца на сапраўднае і сваё…

Алена ДРАПКО. Фота аўтара.