Нашумелыя экранізацыі, памяць эпохі і прэм’ера фільма на "Беларусь 3" з 7 па 13 красавіка
Успомніць пра каштоўнасці савецкай эпохі, акунуцца ў свет тэатральнага мастацтва і ўбачыць экранізацыі паводле твораў знакамітых класікаў – усё гэта на “Беларусь 3” з 7 па 13 красавіка.
8 красавіка ў 19.30 пачнецца паказ серыяла “Маленькія трагедыі” паводле твораў Аляксандра Пушкіна. Многіх славутых акцёраў ужо няма ў жывых, таму такія стужкі – магчымасць зноў далучыцца да іх геніяльнасці. Інакенцій Смактуноўскі, Валерый Залатухін і Уладзімір Высоцкі паўстануць у самым росквіце сваіх сіл у серыяле Міхаіла Швейцара.
11 красавіка, у дзень памяці народнага артыста СССР Леаніда Быкава тэлеканал прадстаўляе прэм’еру дакументальнага фільма “Жыццё – праклятая роля” (пачатак – у 10.40).
Традыцыйна суботнім вечерам “Беларусь 3” запрашае да экранаў аматараў кінамастацтва. У 18.25 выйдзе мастацкі фільм “Жорсткі раманс”. Гэта работа не толькі папоўніла калекцыю Эльдара Разанава новымі ўзнагародамі, але і адкрыла талент Ларысы Гузеевай. Разам з тым, для галоўнага героя Андрэя Мягкова здымкі ў фільме маглі стаць неадназначнымі. Акцёр ледзь не патануў на лодцы, але, на шчасце, усё скончылася добра.
Працягне суботнюю праграму ў 21.10 правакацыйная драма італьянскіх рэжысёраў Паола Бенвенуці і Паола Барона “Пучыні і дзяўчына”. Прыёмная дачка кампазітара абвінавачвае юную пакаёўку Дарыю ў інтымнай сувязі з бацькам. Жонка Пучыні ператварае жыццё Дарыі ў пекла, і дзяўчына вымушана пакончыць жыццё самагубствам… Па словах аўтараў карціны, сюжэт фільма заснаваны на рэальных падзеях.
Нядзельны вечар будзе прысвечаны заслужанаму артысту РСФСР, народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Гасцюхіну. Вынік рэжысёрскай і акцёрскай работы нашага земляка – музыкальна-паэтычная кампазіцыя “Ганна Снегіна” – выйдзе ў эфір 13 красавіка ў 21.10.
У 22.10 гледачы ўбачаць экранізацыю п’есы Максіма Горкага “На дне” – мастацкі фільм “Без сонца” з удзелам Уладзіміра Гасцюхіна, Інакенція Смактуноўскага, Аляксея Пятрэнкі і Веры Глаголевай.