«Культура» № 24, 14 – 20 июня 2014 г.
На тым сяброўства грунтавалася…
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Значным падмуркам для майго станаўлення як беларускамоўнага чалавека сталася знаёмства і сяброўства з журналістамі Іванам Стадольнікам ды Германам Кірылавым. З імі я працаваў уполацкай газеце “Сцяг камунізму”, куды на пасаду карэктара мяне, рабочага завода шкловалакна, паклікаў колішні рэдактар Іван Фёдаравіч Лемеш.
Абодва потым стануць пісьменнікамі, але ў той час мяне вабіла, што Іван і Герман гаварылі на выдатнай беларускай мове. Дзякуючы ім я пазнаёміўся з сынам вядомага садавода ІванаСікоры з вёскі Алашкі Шаркаўшчынскага раён Віктарам Іванавічам, які ў свой час нават пацярпеў за сваю беларускасць. Тады на радзіму вярталіся многія былыя навучэнцы Глыбоцкагапедвучылішча, што правялі лепшыя маладыя гады ў ГУЛАГу за імкненне да беларускага слова… Іх, маладых, гарачых, нявопытных, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці, стварэнні падпольнайарганізацыі і прысудзілі вялікія тэрміны. Потым многія з іх стануць героямі дакументальнай кнігі Германа Кірылава “Гарт”…
І калі я паказаў Івану і Герману свае беларускамоўныя вершы, абодва выказалі меркаванне, што яны больш натуральныя і глыбокія, чым мае юначыя радкі па-руску, што, у адрозненне ад маіхрускамоўных вершаў, у іх няма пераймальніцтва і надуманасці.
Затым была цэлая эпоха, звязаная з літаб’яднаннем “Крыніцы” пры наваполацкай газеце “Хімік”, пасля майго пераезду ў гэты малады горад. Я мог бы назваць больш за дзясятак вядомыхбеларускіх літаратараў, якія тады складалі касцяк літаб’яднання. Але галоўнае — тое, што наша колішняе сяброўства грунтавалася не толькі на агульных літаратурных справах. Гэта — першыясумесныя ўрокі глыбокага патрыятызму, агульнай любові да беларускага слова.
Аднойчы на адным з абласных семінараў творчай моладзі адзін з мясцовых чыноўнікаў з’едліва спытаўся, на якой мове мы размаўляем дома, і сустрэў у адказ дружны рогат, бо на той часбеларуская мова ў кожнага з нас была менавіта мовай зносін у сям’і, на працы, у стасунках з іншымі людзьмі.
У тыя гады дзякуючы нашым намаганням упершыню ў адной са школ горада адкрыўся першы беларускамоўны клас. Сёння ўжо дзеці многіх маіх колішніх сяброў — дарослыя людзі(музыканты, мастакі, журналісты, настаўнікі, інжынеры, нават ёсць святар) — працягваюць тое, што было закладзена ў іх з дзяцінства: гавораць і думаюць па-беларуску, спрыяюцьфункцыянаванню беларускага слова. І што самае істотнае — беларуская мова нікому не перашкодзіла выдатна валодаць рускай, а некаторым — і іншымі мовамі, стаць рознабакова адукаванымісучаснымі людьмі.
Прыемна, што ў штодзённых стасунках да мовы сталі ўсё часцей звяртацца не толькі маладыя людзі, якія цікавіліся літаратурай. Па-беларуску загаварылі рок-музыканты, нават некаторыячыноўнікі, скажам, колішні загадчык гарадскога аддзела культуры Людміла Касьянава, дачка вайскоўца, што прыехала з Расіі. Прычым ніхто нікога не прымушаў гаварыць так: людзі самі паступоваўключаліся ў працэс.
Той наваполацкі досвед, я нярэдка згадваю цяпер, бо нешта падобнае бачу вакол, там, дзе ствараецца асяроддзе, там, дзе не гучнымі лозунгамі, а простай штодзённай атмасферайпрывіваецца любоў ды прыхільнасць да мовы народа, бо, як сказаў нядаўна ў сваім штогадовым Пасланні Кіраўнік дзяржавы, калі забудзем беларускую мову, перастанем быць нацыяй…
Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё