Прэса

Прэса 2015
Бяседа ў «мажоры» і «міноры»
19 кастрычніка 2015

«Звязда» №189, пятница, 2 октября 2015 г.

Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» вядомы ў першую чаргу тым, хто любіць і разумее каштоўнасць беларускай песні. Той, якая распавядае пра гісторыі мінулага, пра тое, чым жылі яшчэ нашы продкі. Кожная з іх кранае сэрцы, нараджаючы або спагаду і сум, або жаданне даць сабе волю ў весялосці. Чарговы раз у рамках акцыі тэлеканала «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якая праводзіцца пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда», адбыліся канцэрты калектыву ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі.

«За хвілінаю хвілінка ў бяседзе пралятаюць…»

«Любіць Беларусь» — менавіта пад такім дэвізам праходзіць гастрольны тур «Бяседы» па гарадах Беларусі. Стартаваўшы ў Гродне, ансамбль ужо выступіў у гарадах Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей. У пачатку кастрычніка артыстаў чакаюць у Брэсце і Століне, а завершыцца тур 10 кастрычніка ў Мінску. Канцэрты «Бяседы» ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі сталі працягам акцыі на Віцебшчыне. У абодвух населеных пунктах нас сустрэла дажджлівае надвор’е, але гэта не перашкодзіла гледачам прыйсці і паслухаць знаёмыя песні ў выкананні любімага калектыву. У пастаўскім Доме культуры ў фае перад пачаткам канцэрта яблыку не было дзе ўпасці.

— Мяне сюды прывялі любоў да народнай музыкі і прафесійны інтарэс, — дзеліцца ўражаннямі выкладчыца Варапаеўскай музычнай школы Святлана Шыкавец. — У нас ёсць свой народны ансамбль, таму стараюся адсочваць, як працуюць розныя калектывы, каб нешта ўзяць сабе на заметку. І сам ансамбль «Бяседа» мы ведаем даўно, сочым за яго творчасцю ў інтэрнэце. Але кожны раз, калі выпадае магчымасць трапіць на канцэрт, — гэта сапраўднае свята для нас. У іх заўсёды яркія выступленні, прыгожыя касцюмы і, што вельмі важна, рэпертуар складаецца з беларускамоўных песень. Слухаеш нашу меладычную і прыгожую мову і думаеш: «Чаму ж самі так рэдка размаўляем па-беларуску?» Наогул, цікавасць да народнай музыкі ў мяне ад сям’і, бо мае цёткі, бабулі, маці — усе спяваць любілі. Раней жа без песні не абыходзіліся, а цяпер ужо рэдка пачуеш яе.

Публіка, трэба сказаць, была пераважна жаночай, і часцей сустракаліся тут людзі сталыя, але і моладзь прысутнічала. Дырэктар Пастаўскага раённага дома культуры Ала Чарнюк гэта тлумачыць проста:

— Сюды прыйшлі найперш тыя, хто вырас на народнай песеннай культуры і не страціў любові да яе. «Бяседа» сабрала тую аўдыторыю, якую не часта ў нас сустрэнеш на іншых канцэртах, бо іх цікавіць у першую чаргу песня, якую яны чулі ад сваіх матуль ці самі спявалі ў маладосці. Ім хочацца ўзгадаць пра нешта, з настальгіі вярнуцца да сваіх вытокаў.

У Юньках можна было набыць сувенір на памяць. Хоць і хапае ў народных песнях твораў «у міноры», не менш і такіх, ад якіх хочацца забыцца на ўсе клопаты і пайсці танцаваць. Ужо з першымі песнямі, падоранымі «Бяседай», узнікла такое жаданне… Спачатку прагучала кампазіцыя «Хлеб ды соль», а потым — такія знаёмыя мелодыі, як «А ў Марусі хата на пагосце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты», «Вечарынка»… Варта адзначыць, што сёння ў калектыве працуе некалькі артыстаў, якія самі родам з Віцебшчыны: Ганна і Мікалай Алешкі, Сяргей Бяльцоў.

— Заўсёды з радасцю прыязджаеш кудысьці з канцэртам, але асабліва прыемна выступаць на роднай зямлі. Бо трапляеш туды, дзе прайшло дзяцінства, дзе былі маладымі твае бацькі… І калі ёсць узаемаразуменне, кантакт і радасць з боку гледачоў, то нас, артыстаў, эмоцыі таксама перапаўняюць, — кажа ўдзельніца ансамбля Ганна Алешка. — Народная музыка — гэта душа любога народа. І ў нашым калектыве на кожным канцэрце мы дзелімся ёю з людзьмі і, дзякуючы зваротнай рэакцыі публікі, нават стомленасці не адчуваем пасля выступленняў. Працягваўся канцэрт, і не зніжаўся ўзровень эмоцый у глядзельнай зале: апладысменты, кветкі, крыкі «брава!». Са сцэны прагучала «Беларускае сала», «А ў садзе рэчанька» і многія іншыя кампазіцыі. Не абышлося і без прэм’ер — песню «Муза ты мая» прысвяцілі ўсім дзяўчатам-прыгажуням у зале. А вось падчас выканання кранальнай кампазіцыі «Бацькоў не забывай» (напісана мастацкім кіраўніком калектыву Леанідам Захлеўным) многія думкамі вярнуліся ў родныя мясціны…

Ты са мною заўсёды, вясковая вуліца, Дзе дзяцінства далёкага мары жывуць, Дзе на ўзгорку бярозка высокая свеціцца І над рэчкай дзявочыя песні плывуць…

— Хочам, каб народ падхопліваў і працягваў спяваць нашы песні. Каб народнай песняй цікавілася падрастаючае пакаленне, — зазначае саліст «Бяседы» Валянцін Кірыленка. — Галоўнае — памятаць, што ўсё ў нашым жыцці трымаецца на любові. А народная песня — гэта сэрца народа. Праз яе можна перадаць усё тое, чым жывуць людзі.

…Аграгарадок Юнькі ў дзень канцэрта жыў сваім святам. Тут адзначалі Дажынкі. Ужо з раніцы тут ладзіліся розныя мерапрыемствы. Можна было і падсілкавацца чымсьці смачненькім, і паглядзець вырабы, прадстаўленыя супрацоўнікамі Пастаўскага дома рамёстваў. Днём прайшло спаборніцтва паміж маладымі сем’ямі, на якім, напрыклад, мясцовыя жыхары Пётр і Дар’я Шыбко занялі трэцяе месца. А пасля разам з трохгадовай дачкой Настассяй яны прыйшлі глядзець выступленне «Бяседы». Як і на папярэднім канцэрце, публіка прымала гасцей цёпла, дэманструючы сваю любоў (спявалі разам і нават падтанцоўвалі некаторыя). І зноў мелодыі гучалі адна за адной, яднаючы людзей, якія радаваліся свайму святу. Побач танцавалі маладыя дзяўчаты, дзеці… Паўтары гадзіны праляцелі вельмі хутка…

Трэба прызнацца, трэба сказаць: рады былі сюды завітаць, І з пачуццём, разам спяём тое, што хочам вам пажадаць: Мы вам жадаем, каб да вашых хат Сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат. І каб было вам на ўсім вяку Лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку…

Песня сціхае, артысты развітваюцца з гледачамі. Паступова сцэна і зала апусцелі, і я цікаўлюся ў салісткі «Бяседы» Юліі Саўчанкі, што адчувае яна пасля такіх канцэртаў. «Гледачы падтрымліваюць, не шкадуюць эмоцый, і гэта для нас стымул яшчэ больш працаваць і радаваць нашу публіку сваёй творчасцю», — адказала яна.

P.S. Застаецца толькі нагадаць, што магчымасць трапіць на канцэрт ансамбля народнай музыкі яшчэ ёсць — 3, 4 і 10 кастрычніка «Бяседа» запрашае ўсіх прыхільнікаў на сустрэчу ў Брэсце, Століне і Мінску. А тыя, хто не трапіць на канцэрт, можа сачыць за падзеямі гастрольнага тура на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.