Прэса

Прэса 2016
Басэтляй зарабіў на рулі

«Звязда» №89, пятница, 13 мая 2016 г.

Басэтляй зарабіў на рулі

Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» — тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды».

Ці ведалі вы, што:
Басэ́тля — струнны смычковы інструмент, кантрабас. У Аляксея Зарыцкага чытаем:
Зварыла вясна прываротнае зелле.
Без бубна было, без басэтлі вяселле.

Кі́чка — святочны галаўны ўбор замужняй жанчыны. Ад старажытнарускага кіка. Яна была ў выглядзе адкрытай кароны, упрыгожанай рознымі каштоўнымі камянямі.

Рулі́ — страва, прыгатаваная з накрышанага ў малако ці ў ваду хлеба. «Накрышы ў міску хлеба, нарэж цыбулі, гуркоў, налі расолу. Вось будуць рулі!» — пісаў Максім Лужанін.

Алья́с — расліна з тоўстымі прадаўгаватымі калючымі лістамі. Тая самая расліна алоэ. «На вокнах, як і раней, стаяў рагаты калючы альяс», — чытаем у Петруся Броўкі.

Самапа́сам (прысл.) — без нагляду, на свабодзе. «На... [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі», — чытаем у Барыса Сачанкі.

Кулём (разм., прысл.) — вельмі хутка, імкліва. Паляцець кулём з гары. Кінуцца кулём за кім-небудзь. Па-руску скажам «кубарем».

Перабіраць костачкі — 1) абгаворваць каго-небудзь, распаўсюджваць плёткі. 2) дэталёва, падрабязна абмяркоўваць каго-небудзь, што-небудзь. Беларускія адпаведнікі: мянціць языком, перамываць костачкі. Рускі: молоть языком. Якуб Колас у «Новай зямлі» пісаў:

Ляснічы новы не з'явіўся,
А ўжо, як трэба, уявіўся...
Ну, адным словам, адчыталі,
Ўсе косці пану перабралі...
Як па пісаным — 1) бойка, гладка, без запінкі гаварыць. 2) так, як планавалася, без нечаканасцяў. Беларусы яшчэ скажуць: як па нотах, як рэпу грызці. Рускія: как по маслу.
Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожнай суботы.

Аўтар: Ірына Асташкевіч