Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Сустракаем Новы год разам з "Беларусь 3"!
22 снежня 2023

З вясёлай музыкай, заваднымі танцамі і нацыянальным каларытам сустрэне свята тэлеканал "Беларусь 3". Упрыгожаннем дзённага эфіру 31 снежня стануць тэматычныя выпускі музычных праектаў "Наперад у мінулае" і "Нацыянальны хіт-парад", а таксама навагоднія канцэрты Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і ансамбля народнай музыкі "Бяседа".

Пазнаёміць з сакрэтамі прыгатавання традыцыйных беларускіх страў для навагодняга стала праграма "Беларуская кухня". Сагрэе ноткамі настальгіі любімая кінакласіка - "Карнавальная ноч", "Чарадзеі", "Зігзаг поспеху", "Звычайны цуд", "Вяселле ў малінаўцы" і "Самая абаяльная і прывабная".

Кульмінацыяй навагодняга эфіру на "Беларусь 3" стане канцэрт у дзвюх частках "Спявай, Беларусь!" у фармаце фолк-караоке. За імгненне да і адразу пасля бою курантаў разам праспяваць вясёлыя народныя песні на роднай мове запрашаюць народны хор імя Г. І. Цітовіча, ансамблі народнай музыкі "Бяседа", "Свята" і "Церніца", фолк-гурт "Купалінка" і "Вытокі".

У навагоднюю ноч 1 студзеня майстэрства добрай казкі падорыць тэлеверсія балета "Шчаўкунок" Вялікага тэатра Беларусі.