Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Спецыяльны паказ фільма «Санеты памяці...»
19 чэрвеня 2021

21 чэрвеня мы пакажам дакументальны фільм Белтэлерадыёкампаніі «Санеты памяці... Кінааператар Таццяна Логінава», які стаў прызёрам XXX Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь» у Севастопалі.

«Санеты памяці» – гэта новая дакументальна-біяграфічная работа Сяргея Кацьера. Карціна прысвечаная Таццяне Логінавай – адной з самых знакамітых жанчын-кінааператараў ігравога кіно на постсавецкай прасторы, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР. Руцэ Таццяны Дзмітрыеўны належаць адметныя ваенныя, гістарычныя і меладраматычныя стужкі, у тым ліку экранізацыі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Івана Шамякіна.

У мінулым месяцы стужка «Санеты памяці» атрымала дыплом журы «За нетрывіяльнае рэжысёрскае рашэнне ў жанры творчага партрэта» на міжнародным кінафоруме «Залаты Віцязь». Там яе прэзентавала творчая група – выканаўчы прадзюсар «Беларусь 3», рэжысёр Сяргей Кацьер і аператар Дзяніс Бутылін.

Спецыяльны паказ фільма «Санеты памяці... Кінааператар Таццяна Логінава» адбудзецца на нашым тэлеканале 21 чэрвеня ў 15:40, а затым мы прапануем паназіраць за майстэрскай аператарскай працай Таццяны Логінавай. У 16:30 глядзіце героіка-рамантычную стужку Валерыя Рубінчыка «Вянок санетаў», створаную на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1976 годзе.