Да Года гістарычнай памяці тэлеканал «Беларусь 3» і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Беларускай чыгункай падрыхтавалі праект «Дарога памяці». Прэм’ера ў эфіры – 20 мая.
Напярэдадні Дня Перамогі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў мабільную выставу, з якой адправіўся па гарадах Беларусі. Перасоўную экспазіцыю па ўсім маршруце суправаджае здымачная група нашага тэлеканала.
Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў, прысвечаных гераізму беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны ў ваенныя гады. Навуковыя супрацоўнікі музея ладзяць экскурсіі, а дапаўняе выставу інтэрактыўная пляцоўка з конкурсамі, віктарынамі і фотазонай.
Таксама ў межах патрыятычнага праекта музеі Беларускай чыгункі на базе мясцовых палацаў культуры арганізоўваюць тэматычныя экспазіцыі, якія распавядаюць пра гісторыю чыгункі на Беларусі і подзвігі чыгуначнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Кульмінацыя праекта на ўсіх лакацыях – тэматычны канцэрт «Мы разам па дарозе памяці». Цягам імпрэзы ў фонд музея гісторыі ВАВ ўрачыста перадаюць рэліквіі, звязаныя з гераічным мінулым горада і яго жыхароў.
Першым прыпынкам па маршруце памяці стаў Гомель. Як прайшла прэзентацыя перасоўнай выставы і што за сямейныя рэліквіі гамяльчан папоўнілі скарбонку сталічнага музея, мы раскажам 20 мая а 23:10.
Завітаць на мабільную выставу змогуць і жыхары іншых буйных гарадоў Беларусі. Так, 21 мая экспазіцыя наведае Баранавічы, а 3 чэрвеня – Гродна. 21 чэрвеня – Брэст, а 25-га – Віцебск. Жыхары Магілёва прымуць удзел у праекце 28 чэрвеня, а завершыцца вандроўка выставай і канцэртам у Мінску 30 чэрвеня – напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Вынікам кожнай сустрэчы стануць кароткаметражныя фільмы спецыяльнага цыкла «Дарога памяці», а ў новым вяшчальным сезоне мы прадставім цэласную карціну вандроўкі музея гісторыі Вялікай Айчыннай па краіне ў фармаце хранікальна-дакументальнай стужкі.