Навіны

Навіны
Мова
Міжнародны дзень роднай мовы
17 лютага 2023

21 лютага тэлеканал далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, мэта якого – захаваць лінгвістычную разнастайнасць краін свету.

У аўторак у праграме сацыякультурнага канала любімыя перадачы, тэлеверсіі спектакляў і анімацыйныя стужкі на беларускай мове. Так, у перадачах для дзяцей "Дабраранак" і "Калыханка" пакажуць мультфільмы вытворчасці кінастудыі "Беларусьфільм".

Госцем праекта "Кадры жыцця" ў гэты дзень стане пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр Уладзімір Мароз. Ён раскажа пра ўласны творчы шлях і падзеліцца сакрэтамі стварэння дакументальнага кіно.

У 11:25 тэлеканал прадставіць пастаноўку спектакля Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа "Леаніды не вернуцца на зямлю" паводле аднайменнага твора У. Караткевіча.

У 15:45 творчая група праграмы "Наперад у мінулае" арганізуе фальклорную экспедыцыю ў Лошыцкі парк Мінска, каб задакументаваць абрад "Масленка" ў выкананні ансамбля народнай песні і музыкі "Шчодрыца", а таксама мясцовыя песні, танцы, прыпеўкі. Вынік падарожжа – новая арыгінальная версія аўтэнтычнай песні ў выкананні Алены Цітовай.

У вячэрнім эфіры ў праекце "Гісторыя. Факты" – цікавыя звесткі аб узнікненні і развіцці кнігі. Завяршае святочнае вяшчанне дакументальны тэлефільм "Васіль Быкаў: паміж пісьменнікам і мастаком" з цыкла "Запіскі на палях".