Навіны

Навіны
Тэлебачанне
“Люблю і памятаю” – юбілейны выпуск
10 лютага 2026

16 лютага на тэлеканале “Беларусь 3” выйдзе соты выпуск аўтарскага праекта Уладзіміра Арлова “Люблю і памятаю”. На працягу васьмі гадоў праект утрымлівае ўвагу сваёй аўдыторыі і застаецца прасторай для ўдумлівай размовы пра лёс і дзейнасць знакамітых кінематаграфістаў, пісьменнікаў, кампазітараў і акцёраў.

 

Уладзімір Арлоў, рэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік і нязменны вядучы праекта, распавядае пра выбітных асоб, з якімі ў свой час яго звёў лёс. Ён вядзе хроніку жыццёвых і творчых шляхоў знакамітых дзеячаў культуры, дзеліцца ўласнымі ўспамінамі і дапамагае зразумець эпоху, у якой жыў герой выпуска. Гэта няспешная і грунтоўная размова з гледачом, якая суправаджаецца ўнікальнымі архіўнымі кадрамі.

 

Юбілейная, сотая сустрэча ў тэлевізійнай гасцёўні будзе прысвечана постаці маштабнай і шматграннай – Георгію Георгіевічу Паплаўскаму. Графік, жывапісец, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў, Народны мастак Беларусі... Тытулы пералічыць лёгка, але раскрыць сутнасць майстра – заданне для тонкага даследчыка. Менавіта такую мэту ставіць перад сабой Уладзімір Арлоў.

 

Сто выпускаў – гэта не проста лічба, а цэлая бібліятэка лёсаў, сабраная з павагай і любоўю.

 

Юбілейны выпуск, прысвечаны памяці Георгія Паплаўскага, выйдзе ў эфір тэлеканала “Беларусь 3” 16 лютага ў 19:50.