Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да 85-годдзя Віктара Турава
25 кастрычніка 2021

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння славутага кінарэжысёра, сцэнарыста і педагога, народнага артыста Беларусі і СССР Віктара Турава. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі рэтраспектыву знакавых ігравых стужак майстра. 

Аўтар звыш 20 кінематаграфічных праектаў, экранізацый класікі беларускай і рускай літаратуры Віктар Тураў пачаў прафесійны шлях у 1959 годзе на студыі «Беларусьфільм», дзе і стварыў большасць сваіх работ. У 1965, з выхадам на экраны першага поўнага метра «Цераз могілкі», пра асаблівы падыход выпускніка творчай майстэрні Аляксандра Даўжэнкі да раскрыцця тэмы партызанскага супраціўлення загаварылі на міжнародным узроўні. Для Віктара Турава гэта быў толькі пачатак творчасці – дыпломная работа, якую крытыкі і цяпер лічаць адной з найважнейшых карцін у сусветным кінапрацэсе. Ужо праз год, у 1966, рэжысёр прапанаваў другі поўны метр – «Я родам з дзяцінства». Гэтая стужка больш за паўстагоддзя застаецца прызнанай вяршыняй беларускага кіно. Глыбокі псіхалагізм ёсць візітоўкай Віктара Турава і адметнасцю яго мастацкіх даследаванняў Вялікай Айчыннай вайны, сацыяльных і духоўных праблем сучаснасці. Апошнія гады жыцця майстар прысвяціў прафесійнаму выхаванню маладых рэжысёраў у Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе быў прафесарам. Акрамя вучняў, кінематаграфічную справу Віктара Цімафеевіча сёння працягвае яго дачка Алена Турава.

Адмыслова да дня нараджэння Віктара Турава наш тэлеканал прапануе пяць яскравых работ майстра: культавыя стужкі «Цераз могілкі» і «Я родам з дзяцінства», дылогію «Партызаны» (фільмы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»), а таксама адну з апошніх карцін Віктара Цімафеевіча – «Чорны бусел». Глядзіце з 25 да 29 кастрычніка а 13:15 і 21:05.

А распачнецца рэтраспектыва паказам дакументальнага біяграфічнага тэлефільма Белтэлерадыёкампаніі «Майстар. Рэжысёр Віктар Тураў».

 

Фота: zviazda.by.