Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да 100-годдзя журналіста Рыгора Булацкага

5 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння журналіста, гісторыка, педагога, заснавальніка і першага дэкана факультэта журналістыкі БДУ Рыгора Булацкага. Да яго юбілею наш тэлеканал падрыхтаваў дакументальны нарыс «Штурман журналістыкі».

Адважны штурман бамбардзіроўшчыка, які падчас Вялікай Айчыннай здзейсніў больш за 80 баявых вылетаў, у паваенныя гады Рыгор Булацкі ўзяў у рукі штурвал беларускай журналістыкі. Праз успаміны родных і блізкіх людзей, работнікаў айчынных СМІ і выкладчыкаў журфака БДУ дакументальная стужка «Штурман журналістыкі. Да 100-годдзя Рыгора Булацкага» пакажа, якую спадчыну пакінуў пасля сябе Рыгор Васільевіч. У здымках фільма паўдзельнічалі доктар гістарычных навук Алег Слука, кандыдаты філалагічных навук Васіль Вараб'ёў, Людміла Саянкова-Мельніцкая, Пётр Дарашчонак, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Булацкі. Гэта старэйшы сын легендарнага прафесара, які працягвае справу бацькі на журфаку. Таксама здымачная група «Беларусь 3» наведала родныя мясціны Рыгора Васільевіча на Бабруйшчыне – хату ў вёсцы, школу, рэдакцыю раённай газеты, з якой пачаўся яго прафесійны шлях.

 

Прэм'ера стужкі «Штурман журналістыкі» адбудзецца ў эфіры «Беларусь 3» у Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі – 7 мая а 19:30.