Навіны

Навіны
Музыка
“Беларусь 3” правядзе чатыры трансляцыі з юбілейнага фестывалю “Маладзечна-2026”
8 чэрвеня 2026

З 9 па 13 чэрвеня пройдзе XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2026”. У святочныя дні гледачоў тэлеканала “Беларусь 3” чакаюць аператыўныя выпускі культурных навін і трансляцыі асноўных канцэртных праграм.

 

З 9 па 13 чэрвеня творчая каманда сацыякультурнага тэлеканала будзе працаваць у Маладзечне, каб паказаць гледачам самае важнае і цікавае з юбілейнага XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Карэспандэнты “Навін культуры” сустрэнуцца з удзельнікамі і арганізатарамі свята, наведаюць асноўныя тэматычныя пляцоўкі і аб усім раскажуць у эфіры “Беларусь 3”.

 

Ключавыя моманты музычна-паэтычнага форуму тэлеканал пакажа ў рэжыме рэальнага часу. 12 чэрвеня ў 21:00 “Беларусь 3” прапануе гледачам трансляцыю цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю са сцэны Летняга амфітэатра. У канцэртнай праграме прымуць удзел вядомыя беларускія артысты і калектывы, а выступленні будзе суправаджаць Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга”.

 

13 чэрвеня ў 11:30 і 17:00 тэлеканал пакажа прамыя трансляцыі II і III тураў рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2026”.

 

Завершыцца XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі 13 чэрвеня. У 21:00 на “Беларусь 3” – трансляцыя гала-канцэрта ўрачыстага закрыцця XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2026”, падчас якога будуць узнагароджаны лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.