Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Вялікдзень на "Беларусь 3"
17 красавіка 2019

19 красавіка а 23:10 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа музычную праграму Франсіса Пуленка - кантату "Stabat Mater", якую ў студыі Белтэлерадыёкампаніі "600 метраў" выканалі сімфанічны аркестр і акадэмічны хор медыяхолдынга. Музыкантам удалося перадаць драматургію, закладзеную кампазітарам, праз узаемадзеянне двух калектываў, у якім хор выступіў выдатным абрамленнем сімфанічнага аркестра. Малітоўны характар твора перадалі павольны тэмп некаторых частак і спяванне хору без аркестравага суправаджэння. Дырыжаваў сімфанічным аркестрам і хорам Белтэлерадыёкампаніі Вільгельм Кайтэль, з якім медыяхолдынг даўно і плённа супрацоўнічае.

А 23:45 пачнецца жывая трансляцыя Хрэснага Шляху з Рымскага Калізея з удзелам Папы Рымскага Францыска. Падчас святочнага шэсця, якое штогод праходзіць у Перадвелікодную Пятніцу, удзельнікі зробяць 14 прыпынкаў. Менавіта столькі зрабіў Хрыстос, калі паднімаўся да месца свайго раскрыжавання. Цырымонія праходзіць ля старажытных сцен Калізея і суправаджаецца рэлігійнымі развагамі і малітвамі, якія зачытваюцца падчас шэсця. 

21 красавіка а 07:35 святочная велікодная раніца на тэлеканале пачнецца з паказу выпуску праекта "Камертон" з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

А 16:00 каталіцкіх вернікаў чакае спецыяльная жывая трансляцыя з плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, адкуль Велікоднае пасланне і благаславенне "Граду і свету" дашле Папа Рымскі Францыск. Гэта ўнікальнае дзейства, падчас якога Папа Рымскі праводзіць святочную імшу на плошчы Святога Пятра ў прысутнасці тысяч паломнікаў з усіх канцоў свету, а пасля звяртаецца з традыцыйным папскім благаславеннем Urbi et Orbi да вернікаў. Тэкст гэтага паслання заўсёды арыгінальны і непаўторны для мільёнаў католікаў па ўсім свеце, а плошча ўпрыгожаная, як заўсёды, тысячамі кветак, якія ўжо чвэрць стагоддзя прывозяць у Ватыкан на Вялікдзень з Нідэрландаў.