Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Вечары з сімфанічным аркестрам Белтэлерадёкампаніі
24 верасня 2021

Вечары 25 і 26 верасня мы прапануем правесці з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Калектыў пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Аляксандра Высоцкага пазнаёміць вас з малавядомымі творамі айчынных аўтараў. 

Улетку наш тэлеканал сумесна з сімфанічным аркестрам медыяхолдынга пачаў запісваць цыкл тэматычных канцэртаў. Кожная іпрэза разглядае пэўны перыяд беларускай музычнай гісторыі і яго галоўных дзеячаў. Некаторыя кампазіцыі, што прагучаць у тэлевыступленнях, даўно сышлі з філарманічных сцэн, асобныя доўгі час лічыліся страчанымі. Сабраць у адну нізку разнастайную спадчыну беларускіх кампазітараў нам дапамаглі запрошаныя кансультанты. 

25 верасня прадставім рэдкія творы кампазітараў XIX стагоддзя: Караля Ельскага, Плашыны, Язэпа Казлоўскага, Напалеона Орды і Станіслава Манюшкі. Глядзіце а 19:30 у канцэрце «Беларускія вытокі».

Увечары 26 верасня паслухаем беларускую музыку XVIII–XXI стагоддзяў. Гэта будуць сачыненні Яна Давіда Голанда, Станіслава Манюшкі, Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, Кацярыны Шымановіч, Вячаслава Кузняцова, Галіны Гарэлавай, Генрыха Вагнера, Уладзіміра Солтана і Сяргея Картэса. Праграма «Чатыры стагоддзі» пачнецца на «Беларусь 3» а 19:25.