Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя аднаго з самых таленавітых паэтаў у гісторыі беларускай літаратуры, драматурга і публіцыста - Янкі Купалы.
7 ліпеня эфір нашага канала цалкам адданы класіку. Погляды розных пакаленняў на творчасць паэта ў тэматычных выпусках праграм, тэлевізійных версіях спектакляў, музычных і дакументальных фільмаў. Пад час прагляду дакументальнага кіно гледачы могуць актывізаваць функцыю скрытага субтытравання.
Адна з прэм'ер - праект "Мой Купала". На працягу ўсяго дня ў эфіры "Беларусь 3" будуць выходзіць відэаролікі, дзе свае любімыя вершы Янкі Купалы прачытаюць вядомыя дзеячы тэатральнага мастацтва і кіно: заслужаная артыстка Рэспблікі Беларусь Зоя Белахвосцік, актрыса тэатра і кіно Валянціна Гарцуева, акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук-Южакоў, актрыса тэатра і кіно Дар'я Парменянкова, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Анастасія Малашкевіч, акцёр тэатра і кіно Раман Падаляка, актрыса тэатра і кіно Дзіяна Камінская.
Святочны дзень а 7:25 пачне тэаматычны выпуск праграмы "Музеі Беларусі" пра Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і яго філіял "Вязынка".
Першая частка дакументальнага праекта "Знак няроўнасці" выйдзе на тэлеканале а 7:50 і 19:00 пад назвай "Янка Купала, Якуб Колас. Тайны біяграфіі"(Белтэлерадыёкампанія, 2008). Пад час прагляду гледачы змогуць скарыстацца скрытымі субтытрамі.
А 8:15 і 21:30 "Беларусь 3" прапаноўвае ўзгадаць народную камедыю “Паўлінка”("Беларусьфільм", 1952). Ролі герояў легендарнай п'есы Янкі Купалы ў фільме выканалі Людміла Драздова, Уладзімір Дзядзюшка, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Барыс Платонаў, Уладзімір Кудрэвіч і Вера Пола.
Новы выпуск праграмы "Майстры і куміры" на гэты раз будзе таксама прысвечаны Янцы Купале. У гасцях вядучай праекта Марыны Драгінай - дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяапісання паэта з каментарамі кампетэнтнага спецыяліста можна ўбачыць а 9:35 і 16:35.
А 10:25 эфір працягне рок-опера "Песня пра долю" (Белтэлерадыёкампанія, 2013) па матывах паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня", а пасля яе - а 11:30 - дакументальны праект "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2012), які распавядзе пра Янку Купалу на тэлебачанні, у тым ліку - з дапамогай скрытых субтытраў.
Фільм-паэма пра пісьменніка "А зязюля кукавала" ("Беларусьфільм", 1972) будзе прадстаўлен увазе а 13:10. Функцыя скрытага субцітравання будзе таксама даступна пад час прагляду.
Яшчэ адзін праект пад назвай "Адвечная песня" (Белтэлерадыёкампанія, 2016) можна будзе ўбачыць на нашым тэлеканале а 13:55. Гэта тэлеверсія вядомай фольк-оперы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паводле аднайменнай паэмы.
Тэмай чарговага выпуску праграмы "Тэатр у дэталях" а 15:30 стане яшчэ адзін спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі - "Кругі рая. Янка Купала" (Белтэлерадыёкампанія, 2016).
Рок-опера "Курган" па матывах паэмы Янкі Купалы ўпрыгожыць эфір а 15:55выступленнямі вядомых беларускіх артыстаў, якія ўзялі ўдзел у пастаноўцы на музыку Ігара Лучанка пад час фестывалю "Маладзечна-2012".
Спектаклем "Паўлінка" Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пачынае кожны тэатральны сезон. За заляцаннямі Адольфа Быкоўскага і сапраўднымі пачуццямі Якіма Сарокі прапануе прасачыць і канал "Беларусь 3" - а 17:30 "Паўлінка"(Белтэлерадыёкампанія, 2002).
Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў прэм'еру -канцэртную праграму "Як на свет нарадзіўся Янка...". Канцэрт, запісаны генеральным прадзюсарскім цэнтрам медыяхолдынга спецыяльна з нагоды юбілея, можна будзе ўбачыць а 19:45.
Далей на сацыякультурным канале адбудзецца яшчэ адна прэм'ера - "Запіскі на палях" (Белтэлерадыёкампанія, 2017). Першая серыя новага дакументальнага праекта будзе прысвечана песняру, і з ёй таксама можна азнаёміцца з дапамогай скрытых субцітраў а 21:05.
У канцы святочнага дня а 22:50 "Беларусь 3" пакажа канцэрт з удзелам заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга на фестывале "Маладзечна-2017" -"Купала і Колас. Вы нас гадавалі" (Белтэлерадыёкампанія,2017).
Увесь дзень 7 ліпеня тэлеканал "Беларусь 3" запрашае гледачоў дакрануцца да творчай спадчыны геніяльнага Янкі Купалы.