У мінулыя выхадныя ў Тэатры эстрады ў Мінску прайшлі фіналы адборачных тураў удзельнікаў XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”.
У “дарослым” конкурсе за магчымасць прадставіць нашу краіну на фестывалі змагаліся дзесяць фіналістаў. Перамогу атрымаў саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ягор Шаранкоў. А прадстаўляць Беларусь на дзіцячым музычным конкурсе будзе 12-гадовая магіляўчанка Марыя Магільная.
Усе падрабязнасці адбораў, самыя яскравыя моманты і, вядома, выступленні пераможцаў – у тэлеверсіі канцэртаў у суботу і нядзелю а 12:10 на тэлеканале “Беларусь 3”.