Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Святочны эфір да Дня Перамогі

На працягу ўсяго наступнага тыдня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" будзе дэманстравацца  тэматычнае ваеннае ігравое кіно розных гадоў, а ў будныя дні гледачы ўбачаць адразу некалькі дакументальных праектаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай.

Так, серыя фільмаў "Франтавыя гісторыі любімых акцёраў" (Расія, 2013) распавядзе пра такіх зорак савецкага кінематографа, як Юрый Нікулін, Уладзімір Этуш, Анатоль Папанаў, Інакенцій Смактуноўскі. Яны не думалі стаць салдатамі, да ваеннай кар'еры сябе не рыхтавалі, марылі зусім пра іншае. Але ў 1941 разам з мільёнамі савецкіх людзей яны пайшлі на фронт. Яны ваявалі сапраўды гераічна -  пра гэта гавораць іх ордэны і медалі, а таксама сухія тэксты ўзнагародных лістоў. Яны былі параненыя, але ім пашанцавала: яны выстаялі, яны выжылі... Яны пераможцы! 

Дакументальны цыкл фільмаў пра наступальныя аперацыі РСЧА ў гады вайны "Вызваленне" (Расія, 2012) пакажа асноўныя этапы Усходне-Прускай, Памеранскай і Вісла-Одэрскай наступальных аперацый савецкіх войскаў па разгроме нямецкіх груповак. 

Таксама на працягу тыдня ў эфір будуць выходзіць выпускі сумеснага праекта АТН і дзіцячага хору Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ "Яны спявалі за Радзіму", у якім юныя харысты выканаюць усім вядомыя песні ваенных гадоў, а аўтары праекта прывядуць пазнавальную гістарычную даведку.

7 мая а 15:50 тэлегледачы ўбачаць канцэрт "Залатыя песні Якава Навуменкі", а ў 16:40 - драму Ісака Шмарука "Без вестак зніклы" (СССР, 1956). Адразу пасля ў эфір выйдзе першая частка кінадылогіі Яўгена Мацвеева паводле рамана Пятра Праскурына "Лёс" - стужка "Каханне зямное" (СССР, 1974). Гэта кранальная і сумная гісторыя кахання жанатага старшыні калгаса Захара Дзяругіна да прыгажуні-аднавяскоўкі Мані Паліванавай. 

8 мая а 16:10 "Беларусь 3" пакажа юбілейны канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных сіл Беларусі, а адразу пасля - працяг дылогіі Яўгена  Мацвеева - карціну "Лёс", калі ў мірнае жыццё герояў урываецца страшная вайна… 

Адметнай асаблівасцю святочнага эфіру 9 мая стане трансляцыя фільмаў, канцэртаў і праектаў без перапынкаў на рэкламу і анонсы.

Раніцай а 7:40 музычнай тэмай праекта "Яны спявалі за Радзіму" стане ўсім вядомая песня "Дзень Перамогі". А 8:05 выйдзе кінааповесць Льва Голуба "Дзяўчынка шукае бацьку" ("Беларусьфільм", 1959). А 9:30 тэлегледачы даведаюцца "Франтавыя гісторыі любімых акцёраў" - Аляксея Смірнова і Уладзіміра Басава.

А 10:10 і а 11:55 "Беларусь 3" прапануе да прагляду легендарныя савецкія кінастужкі Леаніда Быкава - "У бой ідуць адны "старыя" (СССР, 1973) і "Аты-баты, шли солдаты" (СССР, 1976). 

А 13:15 тэлегледачы ўбачаць фестываль армейскай песні "Звязда".

А 14:55 у эфір выйдзе драма Сяргея Коласава "Памятай імя сваё" (СССР -  Польшча, 1974), заснаваная на рэальных падзеях часоў  Вялікай Айчыннай. 

А 17:05 святочны кінапаказ прадоўжыць  прыгодніцкі фільм Сяргея Талыбава "Сляды апосталаў" ("Беларусьфільм", 2013). 

А 19:00 у эфіры "Беларусь 3" - урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню Перамогі

Завершыць эфір выпуск "Яны спявалі за Радзіму" пра песню "Смуглянка".