Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Сустрэча з камандай праекта "Жывая культура"
14 студзеня 2019

18 студзеня ў сталічнай Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе сустрэча тэлегледачоў са здымачнай групай фальклорнага праекта "Жывая культура". Вядучая Кацярына Ваданосава і творчая каманда праграмы аб'ездзілі з экспедыцыямі шмат вёсак, каб захаваць у кадры ўнікальныя нематэрыяльныя каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, і зараз гатовыя падзяліцца вопытам і гісторыямі з іншымі.

Вечар пройдзе ў фармаце адкрытага дыялогу, прэзентацыі аднаго з выпускаў праграмы і фотавыставы, а прыемным сюрпрызам стануць выступленні навучэнцаў гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Кацярыны Ваданосавай. Вядучая праекта выступіць з паэтычнай праграмай і ў складзе гурта Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra з музычнай кампазіцыяй "Дзікае паляванне".

Гасцей чакаюць цікавыя і пазнавальныя аповяды аб тым, што засталося за кадрам экспедыцый, - з камандзіровак здымачная група вяртаецца не толькі з запісаным матэрыялам, але і з багажом уражанняў. Напрыклад, ці ўсе ведаюць, дзе знаходзіцца душа ў клёцках, у якой беларускай вёсцы жывуць нашчадкі шведаў і хто такія шапавалы, якія прыдумалі сваю таемную ўмоўную мову "катрушніцкі лемезень"? У скарбонцы творчай каманды захоўваюцца цікавосткі ды гісторыі з вуснаў тых, хто працягвае традыцыі беларускага народа і не ўяўляе свайго жыцця без іх.

У экспедыцыях гукарэжысёр Ілья Хмяльніцкі інтуітыўна здымаў на мабільную камеру элементы дэкору і побыту вяскоўцаў. Яго здымкі ўжо з'яўляюцца ў фінале выпускаў праграмы, а з 10 студзеня па 10 лютага падборка лепшых кадраў з паездак па аддаленых сёлах Беларусі будзе выстаўлена ў бібліятэцы імя Янкі Купалы. На творчай сустрэчы са здымачнай групай праекта Ілья Хмяльніцкі пакажа тэлегледачам і гасцям свае работы, якія дэманструюць нетрывіяльны погляд на дробязі простага жыцця.

Каманда праекта "Жывая культура" і тэлеканал "Беларусь 3" запрашаюць усіх знаўцаў аўтэнтычнай беларускай культуры 18 студзеня а 18:00 у Цэнтральную бібліятэку імя Янкі Купалы, каб разам правесці гэты вечар. Уваход вольны.