Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Прэм’еры і святочныя канцэрты да 75-годдзя Валянціна Дудкевіча
4 кастрычніка 2018

6 кастрычніка народнаму артысту Беларусі, харэографу, мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянціну Дудкевічу спаўняецца 75 гадоў. Тэлеканал “Беларусь 3” з гэтай цудоўнай нагоды падрыхтаваў адмысловы тэматычны эфір. Гледачоў чакаюць прэм’ерныя выпускі праектаў “Майстры і куміры” і “Камертон”, а таксама юбілейны вечар артыста і канцэрт з удзелам яго ансамбля.

Непасрэдна ў дзень нараджэння Валянціна Уладзіміравіча ў эфір выйдзе новы выпуск праекта “Камертон”. А 22:45 сам харэограф распавядзе пра ўласны жыццёвы і творчы лёс, пра навучанне ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, аб працы ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі і Белдзяржфілармоніі. Ён заўсёды з клопатам ставіўся да народнага харэаграфічнага мастацтва і танцавальнага фальклору. У рэпертуары калектываў, з якімі працаваў Валянцін Дудкевіч, шмат пастановак, але асаблівае месца займаюць беларускія народныя танцы “Кола”, “Бульба”, “Кадрыля на зэдліках”, “Вясковыя гульні”, “Каляды”, “Арэлі”, “Церніца”, “Вечарына”, “Спеў дубраў”, “Кабеты і жаўнеры” і іншыя. Многія з гэтых танцаў гледачы змогуць убачыць а 23:10 у выкананні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі ў канцэрце да дня нараджэння Валянціна Дудкевіча.

7 кастрычніка будзе паказаны прэм’ерны выпуск праекта “Майстры і куміры”, госцем якога стане юбіляр. Вядучая Марына Драгіна прапануе гледачам пазнаёміцца з фондавымі запісамі Белтэлерадыёкампаніі розных гадоў з лепшымі танцавальнымі пастаноўкамі Валянціна Дудкевіча. Паралельна з гэтым сам аўтар падзеліцца эмоцыямі і ўзгадае, як упершыню яго пастаноўкі пабачылі гледачы.

У дзень нараджэння харэографа медыяхолдынгам у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры будзе запісаны юбілейны вечар народнага артыста Беларусі “Што я люблю, у што я веру”, які тэлеканал “Беларусь 3” пакажа 14 кастрычніка а 15:15