Навіны

Навіны
Гісторыя
Прэм'ера праекта "Жывая культура"
5 чэрвеня 2018

9 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" адбудзецца прэм'ера ўнікальнага праекта "Жывая культура". Новая праграма эмацыянальна і ў папулярнай форме пастараецца ўвекавечыць у кадры і ў памяці тэлегледачоў тое, да чаго немагчыма дакрануцца, і тое, што не зможа захаваць ні адзін музей свету, - веды, традыцыі і абрады беларускага народа - нематэрыяльныя каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Каманда тэлеканала "Беларусь 3" сабрала ў адным праекце звычаі, народныя песні і танцы, моўныя асаблівасці той ці іншай мясцовасці - словам, усе тыя праявы культуры і творчасці чалавека, што не маюць фізічнай абалонкі. Усяго ў гэтым спісе больш за 100 найменняў самабытных беларускіх абрадаў і рамёстваў. Рэчы ў яго трапілі зусім розныя - ад шырока вядомых традыцый няглюбскага ткацтва і мотальскіх караваяў да вырабу велікодных вербаў на паўночным захадзе Гродзенскай вобласці і абраду заклікання дажджу на Магілёўшчыне.

Дарэчы, паняцце нематэрыяльнай культурнай спадчыны з'явілася параўнальна нядаўна, Беларусь адной з першых падпісала канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове гэтых духоўных каштоўнасцяў.

Разам з вядучай праграмы "Жывая культура" Кацярынай Ваданосавай тэлегледачы адправяцца ў розныя куткі краіны ў пошуках самабытных танцаў, песень, абрадаў, рамёстваў і людзей, якія беражліва захоўваюць і перадаюць шматвяковыя традыцыі сваім дзецям і ўнукам.

Для запісу першага выпуску здымачная група пабывала ў некалькіх вёсачках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, у якіх журналістаў сардэчна прымалі мясцовыя жыхары, а ўдзельнікі фальклорнага гурта "Вытокі" прадэманстравалі мясцовы танцавальны стыль "Котчынская кадрыля" - яркі і завадны прыклад нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаны ў 2009 годзе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Тэлегледачы змогуць убачыць народны танец ад пачатку да канца ў тым выглядзе, у якім ён выконваўся нашымі продкамі. Хоць, як прызналіся здымачнай групе ўдзельнікі калектыву "Вытокі", танцаваць "Котчынскую кадрылю" басанож на свежай вясновай траве можна хоць да ўпаду - такая яна жывая, разнастайная і наша.

Аўтары праграмы паспрабавалі скараціць дыстанцыю паміж вядучай і тэлегледачамі, стварыўшы на здымачнай пляцоўцы дружалюбную і нязмушаную атмасферу. Яны напоўнілі экранную прастору шчырымі эмоцыямі і развагамі, цікавымі людзьмі, маляўнічымі краявідамі роднай прыроды і беларускім духам.

"Мы сустракалі людзей, многія з якіх валодаюць неверагоднай магічнай сілай. Напрыклад, адна мясцовая жыхарка, якая ведае мноства старажытных абрадаў, з дапамогай такой магіі нават стварала перашкоды для нашай здымачнай групы - мы доўга не маглі выбрацца з вёскі", - падзялілася ўражаннямі вядучая праекта "Жывая культура" Кацярына Ваданосава.

З 9 чэрвеня кожную суботу а 10:30.