Навіны

Навіны
Мастацтва
Прэм'ера праекта "Сучаснае мастацтва Беларусі"
17 студзеня 2018

24 студзеня ў эфіры "Беларусь 3" адбудзецца прэм'ера аўтарскага тэлевізійнага цыкла Алега Лукашэвіча "Сучаснае мастацтва Беларусі", які пазнаёміць тэлегледачоў з выдатнымі айчыннымі мастакамі ХХІ стагоддзя.

10 фільмаў праекта "Сучаснае мастацтва Беларусі" - гэта 10 творчых партрэтаў нашых сучаснікаў. Сярод іх - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Шкаруба, лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Канстанцін Касцючэнка і Ігар Бархаткоў, а таксама народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, які ў лютым гэтага года адзначыць сваё 95-годдзе.

Дарэчы, адным з першых фільм пра Леаніда Дзмітрыевіча паглядзеў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак. Ён высока ацаніў падбор работ жывапісца, аператарскую працу, якая, на яго думку, не толькі адлюстравала яркія фрагменты самых характэрных карцін аўтара, але і з любоўю паказала майстэрню мастака і самога героя, а таксама музычнае афармленне (ў фільме скарыстаная музыка Іагана Себасцьяна Баха і Вольфганга Амадэя Моцарта).

У рамках праекта "Сучаснае мастацтва Беларусі" ў шырокай тэлеаўдыторыі з'явіцца магчымасць пазнаёміцца з унікальным стылем віцебскага мастака Алега Крошкіна, мастачкі з Гродна Валянціны Шобы, мастака з Мінска Сяргея Рымашэўскага.

Аўтар і рэжысёр Алег Лукашэвіч і другі рэжысёр Аляксандр Аляксееў (ён жа рабіў графічнае афармленне для тэлевізійнага цыкла) працавалі над праектам са жніўня 2016 года. Ім удалося зняць унікальныя кадры з народным мастаком Беларусі Анатолем Бараноўскім і заслужаным дзеячам мастацтваў Уладзімірам Кожухам, якіх не стала ў 2017. Сёння гэтыя кадры маюць новую каштоўнасць як дакументальнае сведчанне, якое ўвайшло ў гісторыю.

Асобны фільм прысвечаны адноўленай царкве ў вёсцы Вішнева. На прыкладзе фрэскавага роспісу, скульптурнай кампазіцыі, мазаік для іканастаса, выкананых для храма, дэманструецца комплексны падыход да адраджэння традыцый сакральнага мастацтва маладымі мастакамі Глебам Отчыкам, Палінай Амельяновіч, Канстанцінам Касцючэнкам.

Партнёрам праекта "Сучаснае мастацтва Беларусі" выступіў "Пріорбанк" ААТ, які стварае на працягу дзясяткаў гадоў адну з найбуйнейшых у краіне карпаратыўных калекцый твораў сучаснага мастацтва Беларусі.

Прэм'еру аўтарскага тэлевізійнага цыкла Алега Лукашэвіча "Сучаснае мастацтва Беларусі" гледачы канала "Беларусь 3" змогуць убачыць 24 студзеня а 19:30. Першая серыя праекта прысвечана Валерыю Шкарубу.