15 верасня гледачоў тэлеканала "Беларусь 3" чакае прэм'ера новага музычнага спецпраекта "Класіка - гэта класна!", створанага Белтэлерадыёкампаніяй і Беларускай дзяржаўнай філармоніяй.
Шмат гадоў таму дырыжор Яўген Бушкоў прыдумаў цыкл канцэртаў для дзяцей "Класіка - гэта класна". Гэта не проста музычныя творы, а шэраг забаўна-адукацыйных праграм, на якіх юныя слухачы прылучаюцца да класічнай музыкі, яе таямніц, сэнсаў і нюансаў. Дзіцячыя праграмы Бушкова, у якіх дырыжор выступае яшчэ і апавядальнікам, хутка заваявалі папулярнасць. Уменне падабраць ключык да сэрцаў дзяцей - асаблівы дар, бясцэнны ўдвая, калі гаворка ідзе аб такой складанай тэме, як класічная музыка.
Каб прадоўжыць гэты займальны цыкл, упершыню ў галоўнай студыі Белтэлерадыёкампаніі Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь і яго галоўны дырыжор - заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў выканалі для маленькіх слухачоў ва ўзросце ад трох да дзесяці гадоў творы з цыкла канцэртаў "Класіка - гэта класна". Адметная асаблівасць праекта ў цесным узаемадзеянні вядучага-дырыжора і дзяцей у студыі: хлопчыкі і дзяўчынкі нават прынялі ўдзел у выкананні некаторых кампазіцый, "агучваючы" чароўных персанажаў - герояў музычных твораў. Так што атрымалася і займальна, і пазнавальна.
Прэм'ерны выпуск праекта стане першай музычнай тэлеперадачай, у якой прагучыць цыкл Міхаіла Бронера "Дзіцячы куток" і "Прыгода ў Імперыі струн і смычкоў" Яўхіма Падгайца.
Першы выпуск праграмы "Класіка - гэта класна!" ў суботу, 15 верасня, а 17:05.