Навіны

Навіны
Тэлебачанне
На “Беларусь 3” пройдзе дзень дзіцячага самакіравання

1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей эфір “Беларусь 3” напоўняць лепшыя ўзоры савецкіх гульнявых стужак і мультфільмаў для ўсёй сям’і, а вядучымі ўласных праектаў сацыякультурнага канала стануць дзеці.

 

Першую летнюю раніцу гледачы “Беларусь 3” сустрэнуць у кампаніі герояў любімых мультфільмаў “Івашка з палаца піянераў” і “Дзядзька Сцёпа – міліцыянер”. Увечары ў дзіцячай перадачы “Калыханка” пакажуць анімацыйную стужку “Паравозік з Рамашкава”.

 

У святочны дзень у праекце “Навука побач” разам з Кацярынай Бірэцкай распавядаць пра знакамітых навукоўцаў і іх вынаходствы будзе вядучы перадачы “Дабраранак” Патап Мацкевіч. Дапытлівы падлетак не толькі правядзе эфір, але і адправіцца на холадакамбінат, каб даведацца пра сакрэты вытворчасці марожанага.

 

Зменіцца і склад вядучых перадачы “Навіны культуры”. Разам з Ганнай Панцялеевай у першую суботу лета галоўнымі навінамі са свету культуры і мастацтва падзеліцца юная вядучая перадачы “Дабраранак” Варвара Расолька. У цэнтры ўвагі карэспандэнтаў сацыякультурнага канала акажуцца прэм’ера музычнага спектакля “Казка пра цара Салтана” ў Вялікім тэатры Беларусі, праект “Дзеці спяваюць Jazz” і новая праграма Белдзяржцырка.

 

У рамках тэматычнага кінапаказу 1 чэрвеня ў эфір выйдзе фільм “Мама”, які прадставіць у новай, дасціпнай і займальнай музычнай інтэрпрэтацыі немудрагелісты сюжэт пра ваўка і казлянят. Прыгодніцкая стужка “Юрка – сын камандзіра” ў 21:05 распавядзе кранальную гісторыю сяброўства 7-гадовага хлопчыка і вайскоўца.