Навіны

Навіны
Гісторыя
Мінскі міжнародны Калядны оперны форум
18 снежня 2019

З 24 па 28 снежня тэлеканал "Беларусь 3" прапануе сваім гледачам правесці пяць зімовых вечароў разам з удзельнікамі і зорнымі гасцямі юбілейнага X Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, які гэтымі днямі праходзіць у сталіцы.

Так, 24 і 25 снежня гледачоў "Беларусь 3" чакае гала-канцэрт у дзвюх частках лаўрэатаў Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

26 і 27 снежня канал пакажа гала-канцэрт зорак сусветнай оперы ў дзвюх частках, у якім прымуць удзел Надзея Кучар, Ангелас Самарцыс (Грэцыя),  Вераніка Брук (Ізраіль), Вінчэнца Кастанца (Італія),  Адам Дзігель (ЗША), Яніс Апейніс (Латвія),  Любіца Вранеш (Сербія), Хелен Лепалаан (Эстонія), Агнешка Рэхліс (Польшча), Рык Фурман (ЗША), Нана Дзідзігуры (Грузія), Іва Станчаў (Балгарыя), Ганна Бандарэнка (Украіна), Дзмітрый Гарбоўскі (Украіна), Аксана Волкава, Анастасія Масквіна, Андрэй Валенцій, Маргарыта Ляўчук, Ілья Сільчукоў, Крыскенцыя Стасенка. Дырыжор канцэрта - Джанлука Марчыяна (Італія).

28 снежня ў вячэрнім эфіры на "Беларусь 3" знакавы для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі спектакль, паказаны ў рамках форуму, - опера "Кармэн" Жоржа Бізэ.  Менавіта з яе ў 1933 годзе пачалася гісторыя тэатра. У галоўнай ролі  сусветна вядомая салістка Вялікага, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава.

Дарэчы, здымкі канцэртаў форуму і оперы "Кармэн" тэлеканал "Беларусь 3" ажыццяўляе на высокатэхналагічным абсталяванні ў фармаце HD, а час паказу ў эфіры будзе адзіным - 21:05. Адзначым таксама, што ўсе запісы папоўняць фонд Белтэлерадыёкампаніі і будуць выкарыстоўвацца для тэлеэфіру ў далейшым.