Навіны

Навіны
Кіно
Марафон навінак "Беларусьфільма"
16 сакавіка 2020

16 сакавіка ў эфіры "Беларусь 3" пачнецца тэматычны паказ дакументальнага кіно, знятага Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" у 2019 годзе па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Усяго тэлегледачоў чакаюць 10 прэм'ерных стужак.

Ужо з наступнага тыдня ў будныя дні ў ранішнім і вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 3" прыхільнікі дакументальнага кіно змогуць знаёміцца з новымі работамі вопытных і маладых майстроў жанру. 

"Мясціны памяці. Іўе" (рэж. І. Чышчэня). Паэтычнае кінаэсэ, прысвечанае аднаму з самых самабытных гарадоў Беларусі. Сотні гадоў у старажытным Іўі мірна суіснуюць людзі розных этнасаў і канфесій. Мячэць, касцёл, царква, сінагога - неад'емныя часткі краявіду гэтай мясціны. Горад прайшоў праз дзве сусветныя вайны, халакост, эміграцыю сваіх жыхароў па лепшую долю. Калектыўная памяць аб мінулым Іўя захоўваецца ў выглядзе лістоў, старых фатаграфій, помнікаў, ва ўспамінах сведак. Аўтары стужкі прапаноўваюць эмацыйна асэнсаваць вобраз горада як месца памяці, адзінства духоўнага і матэрыяльнага, якое з часам і па волі людзей стала сімвалічным элементам нацыянальнай спадчыны, мінулага і сучаснасці.

"Дні на вадзе" (рэж. Д. Махамет). Фільм распавядае пра ўнікальную школу-інтэрнат па веславанні, куды прыходзяць дзеці з малазабяспечаных сем'яў з вёсак Мастоўскага раёна. Для іх гэта рэальная магчымасць не толькі атрымаць добрую фізічную падрыхтоўку, але і ў перспектыве дарасці да зборнай краіны.

"На сувязі". Кінаальманах уяўляе сабой дэбютныя работы маладых рэжысёраў-кінадакументалістаў (М. Швед, К. Галубовіч, А. Лапо, У. Бандаровіч), аб'яднаныя тэмай сацыяльнай ролі інтэрнэту ў нашым жыцці. Складаецца з чатырох навэл - "У чатырох сценах", "Чаму маўчыш?", "Усе мерапрыемствы па плане" і "Патрэбныя людзі". 

"Вяда" (рэж. Г. Адамовіч). У 1942 г. падчас Другой сусветнай вайны беларускую вёску Вяда фашысты спалілі разам з жыхарамі. У 2016 годзе ў памяць аб сялянах была асвячоная капліца-помнік. Амаль 10 гадоў будаваў у палескай глухмені гэтую капліцу пісьменнік і краязнаўца Веньямін Бычкоўскі. Але будаўніцтва капліцы разбурыла яго сямейнае жыццё. Пра тое, што больш важнае - сям'я ці справа жыцця, разважаюць у фільме сам Веньямін і яго жонка Анастасія.

"Спадчына" (рэж. Л. Клінцова). Стужка распавядае пра ўзнаўленне гістарычнага аблічча краіны, адраджэнне нацыянальных святынь, будаўніцтва знакавых аб'ектаў культуры. Адным з такіх унікальных аб'ектаў, якія захоўваюць духоўнае багацце краіны, з'яўляецца Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Пра яе гісторыю стварэння, фарміраванне ўнікальных фондаў таксама распавядаецца ў карціне.

"Доктар Шуба" (рэж. А. Алай). У цэнтры кінааповеду лёс выбітнага беларускага хірурга, былога галоўнага ўрача 1-й клінічнай бальніцы Мінска, заслужанага ўрача БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксея Іванавіча Шубы. Яго жыццё - гэта злепак драматычнай гісторыі беларускага народа, у якой былі як светлыя, так і чорныя бакі, дзе ў асобныя перыяды высокая маральнасць і гонар адных ужываліся з ганьбай і подласцю другіх, дзе мужнасці супрацьстаяла баязлівасць, а дабро вяло непрымірымую барацьбу са злом.

"Надзея" (рэж. А. Маркава). Фільм пра трагічны лёс гераіні фільма Надзі. Маладая прыгожая дзяўчына, жонка, мама спачатку сутыкнулася з дыягназам адзінага дзіцяці "аўтызм", а затым з уласным страшным дыягназам - "рак".

"Адна сям'я" (рэж. Н. Жамойдзік). Карціна прысвечана праблеме ўсынаўлення дзяцей. Два браты і сястра з аднаго дзіцячага дома трапілі ў тры розныя сям'і. І няхай у кожнага зараз свая мама, дзеці памятаюць, што яны родныя. Старэйшы, Марк, які пакуль адзіны, хто не называе новых бацькоў мамай і татам, прыязджае ў госці да сваіх браціка і сястрычкі. І ніхто з дарослых не хоча парушыць гэтыя адносіны, эгаістычна адгароджваючы ўсыноўленае дзіця… 

"Фальклор і жыццё" (рэж. Ю. Цімафееў). Фальклор заўсёды з'яўляецца адлюстраваннем жыцця, толькі ў вобразнай метафарычнай форме. Не выключэннем з'яўляецца і эратычны складальнік жыцця чалавека. Увесь свет вакол людзей дзеліцца на складальнікі "ён" - "яна". Так і ў беларускім эратычным фальклоры розныя прадметы, жывёлы, з'явы прыроды і хатнія рэчы дзяліліся на мужчынскі і жаночы пачатак. Беларускі фальклор працяты глыбокім жыццёвым сімвалізмам, які з веку ў век перадаваўся пакаленням. Абрады з эратычным падтэкстам у нашых продкаў былі да кожнага свята. Лічылася, што выконваць іх трэба па правілах і дакладна ў тэрмін, інакш яны страцяць сваю магію. Здымачная група адправілася ў экспедыцыю на беларускае Палессе, збіраючы па макулінках унікальныя традыцыі, даследуючы тэму беларускага эратычнага фальклору.

"Насця і ваўкі" (рэж. А. Дашук). Сёння нікога не здзівіш, калі скажаш, што хтосьці пакінуў горад і жыве ў вёсцы - чалавека генетычна цягне да прыроды. А калі яшчэ ўсвядоміш, пры якой экалогіі даводзіцца жыць у мегаполісе, то і зусім нядзіўна. Тым не менш, у кожнага свае прычыны для жыцця на прыродзе. У Анастасіі Кузьмянковай гэта адначасова і каханне (яна паехала з горада на сялібу ў лесе да мужа), і прафесійная зацікаўленасць - па спецыяльнасці яна біёлаг-арнітолаг. Так што жыві і працуй, слухай і вывучай птушак…