Навіны

Навіны
Дзецям
"Маладыя таленты Беларусі" на "Беларусь 3"

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа гала-канцэрт пераможцаў і фіналістаў VII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Артысты-пачаткоўцы, вакалісты і інструменталісты выступяць шчыра і з запалам як сольна, так і ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Тэлеверсія канцэрта - сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і тэлеканала "Беларусь 3". Здымкі гала-канцэрта праходзілі ў найбуйнейшай студыі медыяхолдынга "600 метраў". Удзельнікам і музычным калектывам, якія атрымалі Гран-пры, а таксама занялі першыя і другія месцы конкурсу, пашчасціла выступіць на адной сцэне з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Аляксандра Сасноўскага.

1 чэрвеня а 13:40 у гледачоў з'явіцца магчымасць убачыць і пачуць пераможцаў радыёконкурсу, які аб'яднаў сёлета больш за 300 адораных дзяцей з розных куткоў краіны. У праграме канцэрта будуць прапанаваныя як песенныя, так і інструментальныя творы - эстрадныя, класічныя і народныя.

Нагадаем, у розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі конкурсу папулярнага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" станавіліся Алёна Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі і іншыя.