Навіны

Навіны
Тэлебачанне
"Культурны рэпартаж" на "Беларусь 3"
11 кастрычніка 2019

З 26 кастрычніка тэлеканал “Беларусь 3” запускае серыю “Культурных рэпартажаў”, якія адлюструюць самыя яскравыя і значныя падзеі ў культурным жыцці краіны.

Асаблівасць новага праекта ў тым, што выходзіць ён будзе не цыклічна, а з нагоды фестываляў, конкурсаў, акцый і іншых буйных падзей.

Першы выпуск прысвечаны Міжнароднаму фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску. Каманда праекта наведала самыя значныя канцэрты форуму, паразмаўляла з яго арганізатарамі, удзельнікамі і гасцямі, а таксама азнаёмілася з працэсам падрыхтоўкі фестывалю.

Здымачная група пабывала на канцэрце, якім фестываль адкрываўся, – выступленні Каралеўскага філарманічнага аркестра Лондана. Нягледзячы на жорсткія ўмовы кантракта, згодна з якімі прэсу не пускалі на рэпетыцыі, карэспандэнты сацыякультурнага канала медыяхолдынгу зазірнулі за кулісы гэтай унікальнай для Беларусі падзеі.

Нагадаем, у гэтым месяцы “Беларусь 3” пакажа ў фармаце HD пяць канцэртаў з фестывалю Юрыя Башмета - з 12 кастрычніка ў  выхадныя гледачы пачуюць выступленні Міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, Камернага ансамбля “Салісты Масквы” пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, а таксама запрошаных зорак сусветнай акадэмічнай музыкі - Фазыла Сая, Барыса Беразоўскага і Летыцыі Марэна.

Прэм’ера праекта “Культурны рэпартаж” адбудзецца 26 кастрычніка -  напярэдадні тэлеверсіі канцэрта Камернага ансамбля “Салісты Масквы” пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета ў 21:05.