Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Канцэрт да 100-годдзя Віктара Роўды
18 лістапада 2021

21 лістапада Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі дасць канцэрт да 100-годдзя з дня нараджэння свайго былога кіраўніка, народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды. А наш тэлеканал створыць тэлеверсію праграмы.

Віктар Уладзіміравіч Роўда з 1965 года да апошніх дзён жыцця быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам хору Беларускага тэлебачання і радыё. На чале з маэстра калектыў папулярызаваў маладых аўтараў, выконваў найлепшыя харавыя творы айчынных кампазітараў.

Адначасова народны артыст СССР быў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, узначальваў студэнцкі хор. У канцэртах Віктар Уладзіміравіч нярэдка злучаў артыстаў з розных калектываў, каб дамагчыся яркага гучання кампазіцый.

Падобнае з’яднанне адбудзецца і ў новым канцэрце Белдзярфілармоніі. Праграма «Хор як лёс» убачыць свет 21 лістапада. Сярод гасцей вечара – здымачная група нашага медыяхолдынга, якая падрыхтуе тэлеверсію выступлення.

Аўтарам праекта «Хор як лёс» выступіла сённяшні кіраўнік студэнцкага хору Акадэміі музыкі Інэса Бадзяка. Для ўдзелу ў канцэрце яна таксама запрасіла Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Акадэміі музыкі, салістаў Станіслава Трыфанава, Анастасію Храпіцкую, Аляксандра Міхнюка.

Дарэчы, Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі сёлета святкуе 90-годдзе. Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь, якому апладзіравалі ў Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Славеніі, цяпер кіруе кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Андрэй Саўрыцкі.