Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Калядны і навагодні эфір на "Беларусь 3"
23 снежня 2019

У пераднавагоднія дні тэлеканал "Беларусь 3" парадуе гледачоў паказам любімага кіно для ўсёй сям'і. Гледачы ўбачаць "Зімовы вечар у Гаграх", "Гараж", "Дзяўчына з характарам", "Прыгоды Бураціна", "Па сямейных абставінах", "Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў", "Чалавек з бульвара Капуцынаў", "Васіліса Прыгожая", "Кухарка", "Ты - мне, я - табе" і іншыя фільмы. 

Тэматычныя выпускі праграм "Беларуская кухня" распавядуць пра традыцыйныя святочныя стравы і тонкасці іх падрыхтоўкі. 

Дзіцячыя праекты "Дабраранак" і "Калыханка" парадуюць юных гледачоў добрымі зімовымі казкамі. 

Святочны дзень 25 снежня пачнецца на канале з "Размовы пра духоўнае" а 07:50, а ў 16:35 "Беларусь 3" пакажа трансляцыю з Ватыкана паслання і бласлаўлення "Граду і свету" з удзелам Папы Рымскага Францыска.

А 17:20 гледачоў чакае выпуск праекта "Культурны рэпартаж", прысвечаны гісторыі і сучаснасці беларускай батлейкі і майстрам, якія займаюцца гэтым самабытным мастацтвам. 

А 17:35 канал прапануе канцэрт Акадэмічнага хору і Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі "Раство вакол нас", запісаны спецыяльна да свята Раства Хрыстовага. У праграме вядомыя святочныя музычныя творы народаў свету: A Christmas Festival (Англія/ Германія/Аўстрыя), Campana sobre Campana (Іспанія), Tu scendi dalle stelle (Італія), Adeste Fideles (Партугалія), Baba Yetu (Афрыка), Niño Lindo (Венесуэла), El Año Viejo (Калумбія), Sleigh Ride (ЗША), Dobro Doso Hriste (Сербія), La Peregrinación/Los Reyes Magos (Аргенціна), Тройка из аркестравай сюіты "Паручнік Кіжэ" (С. Пракоф’еў, Расія), Las Posadas (Мексіка), Entre le bouef et l´ane gris (Францыя), Feliz Navidad (Пуэрта-Рыка). Дырыжор канцэрта - Херарда Эстрада (Венесуэла).

Таксама тэлегледачы ўбачаць тэматычныя выпускі праграмы "Жывая культура". 26 снежня а 15:40 у эфір выйдзе выпуск, прысвечаны традыцыі вырабу валёнак у Мёрах і вёсках раёна, а 27 снежня а 16:10 - культаваму каляднаму абраду "Цары", які дайшоў да нашых дзён дзякуючы намаганням жыхароў вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У суботу, 28 снежня, а 10:00 праект распавядзе пра традыцыі выпякання караваяў на Слонімшчыне і каляндарна-абрадавую выпечку на Гродзеншчыне. 

29 снежня а 10:00 гледачоў чакае пашыраны пераднавагодні выпуск праграмы "Наперад у мінулае" - творчая група праекта адправіцца ў фальклорна-гістарычную экспедыцыю па Брэсцкай вобласці, успамінаючы самыя яркія сезонныя абрады і песні адыходзячага года. Канчатковым пунктам маршруту стане Брэст, які сёлета адзначыў свой 1000-гадовы юбілей. Гасцямі святочнага выпуску стануць брэсцкія артысты Аляксандра Гайдук, Аляксандр Сухараў і Руслан Мусвідас.

Нагадаем таксама, што з 24 па 28 снежня тэлеканал "Беларусь 3" прапануе сваім гледачам правесці зімовыя вечары разам з удзельнікамі і зорнымі гасцямі юбілейнага X Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Гледачоў чакаюць гала-канцэрты лаўрэатаў конкурсу вакалістаў і зорак сусветнай оперы і знакавы для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі спектакль, паказаны ў рамках форуму, - опера "Кармэн" Жоржа Бізэ. Менавіта з яе ў 1933 годзе пачалася гісторыя тэатра. У галоўнай ролі сусветна вядомая салістка Вялікага, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава. Усе канцэрты форуму і спектакль тэлеканал пакажа ў фармаце HD у адзіны эфірны час - 21:05