Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Дзень Незалежнасці на "Беларусь 3"
1 ліпеня 2020

Спецыяльна да Дня Незалежнасці тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў тэматычную праграму перадач, напоўненую выключна беларускім кантэнтам: гледачоў чакаюць айчынныя мультфільмы і кінастужкі, выбраныя выпускі лепшых праектаў уласнай вытворчасці на роднай мове.

Раніца на тэлеканале пачнецца з паказу карцін кінастудыі "Беларусьфільм" для ўсёй сям'і: а 07:00 у эфір выйдуць анімацыйныя стужкі "Беларуская азбука", "Вясёлыя літары" і "Займальная азбука, а ў 09:00 - усе чатыры часткі прыгодніцкага фільма Ігара Чацвярыкова "Тры талеры".

Нацыянальнай беларускай культуры ў розных яе праявах будуць прысвечаны фірмовыя праграмы "Беларусь 3": пра традыцыйныя стравы распавядзе "Беларуская кухня" а 08:05; пра традыцыі беларускага народа - "Жывая культура" а 08:35, 15:00 і 18:30. Тэму сучаснага акадэмічнага тэатральнага мастацтва раскрые а 13:00 праграма "Тэатр у дэталях", прысвечаная маштабнаму нацыянальнаму праекту - балету Вялікага тэатра Беларусі "Анастасія", які, дарэчы, будзе паказаны адразу пасля - а 13:25. Харэаграфічная легенда ў дзвюх дзеях у пастаноўцы народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна заснавана на рэальнай гісторыі адважнай княгіні Анастасіі Слуцкай.

Сярод фільмаў, якія прапануе да прагляду "Беларусь 3" у святочны дзень, - залатыя стужкі студыі "Беларусьфільм": кінааповесць "Праз могілкі" Віктара Турава а 15:30 і драма "Вазьму твой боль" Міхаіла Пташука а 21:05.

Увечары а 16:50 можна будзе пачуць творы беларускі аўтараў у канцэрце "Каб памяць зберагчы...", а ў завяршэнні святочнага эфіра а 22:25 канал пакажа канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі з цыклу "Майстры культуры - ветэранам".