Навіны

Навіны
Літаратура
Дзень нараджэння класіка
19 лістапада 2022

26 лістапада ў дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча тэлеканал "Беларусь 3" пакажа экранізацыі твораў класіка беларускай літаратуры, а таксама дакументальна-біяграфічны праект.

Уладзіміру Сямёнавічу былі падуладныя ўсе літаратурныя жанры. Яго эрудзіраванасць, патрыятызм і вялікі талент склалі трывалы фундамент для непераўзыдзеных твораў — унікальнага скарбу беларускай культуры. Аповесці, апавяданні, лірыка, драматургія, публіцыстыка мастака слова не страчваюць сваёй актуальнасці праз дзесяцігоддзі і яшчэ доўга будуць выклікаць цікавасць.

У дзень нараджэння класіка тэлеканал "Беларусь 3" прадставіць у 16:10 у фармаце HD версію кінарамана "Дзікае паляванне караля Стаха" (рэж. Валерый Рубінчык). Сцэнарыстам ігравой стужкі ў свой час выступіў аўтар аднайменнай аповесці Уладзімір Караткевіч.

Адразу пасля фільма ў 22:25 можна будзе праглядзець спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа "Леаніды не вернуцца да зямлі". Завершыць святочнае вяшчанне дакументальны тэлефільм "Уладзімір Караткевіч: трафей "Дзікага палявання" з цыкла "Запіскі на палях".