На наступным тыдні тэматычны эфір "Беларусь 3" будзе прымеркаваны да юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства, прысвечанага малой радзіме. Увазе гледачоў будуць прапанаваныя карціны "Першадрук" ("Беларусьфільм", 2017) і чатырохсерыйны мастацка-публіцыстычны фільм вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Скарына. Дзеля Бога і людзей". Таксама тэлегледачы ўбачаць прэм'еру аўтарскага праекта Навума Гальпяровіча "Суразмоўцы" і мастацка-тэатралізаванае дзеянне "Малой Радзiме пакланяюся".
У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства, які ў нашай краіне адзначаюць у першую нядзелю верасня, тэлеканал "Беларусь 3" увесь тыдзень прысвеціць вытокам нацыянальнай культуры і беларускай кнізе. Сёлета сталіцай пісьменства стаў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Урачыстая перадача эстафеты святкавання адбылася летась 3 верасня ў Полацку. Традыцыйна 2 верасня творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі будзе працаваць у горадзе, які прымае свята.
27 жніўня а 13:20 тэлеканал "Беларусь 3" прапануе бліжэй пазнаёміцца з першым на ўсходнеславянскіх землях перакладчыкам Бібліі, доктарам медыцыны, гуманістам і асветнікам Францыскам Скарынам і пакажа дакументальны фільм "Першадрук", створаны да 500-годдзя з дня выдання кнігі "Псалтыр". Карціна дакажа, што ідэі і прынцыпы выбітнай асобы эпохі Адраджэння жывуць і сёння.
З 28 жніўня а 10:20 будзе выходзіць у эфір чатырохсерыйны мастацка-публіцыстычны фільм "Скарына. Дзеля Бога і людзей". Работа рэжысёра Андрэя Леўчыка – гэта не проста пералік фактаў аб жыцці і творчасці першадрукара, а ў першую чаргу погляд навукоўцаў і журналістаў на шлях, дасягненні, белыя плямы ў біяграфіі Францыска Скарыны. Атмасфера ХVІ стагоддзя была ўзноўлена ў самай вялікай студыі медыяхолдынга "600 метраў" пры ўдзеле беларускіх артыстаў, а сучасны святлодыёдны экран плошчай 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне студыі дазволілі трапіць у Пражскую бібліятэку, Вільню і Маскву, ахопленую полымем.
1 верасня на тэлеканале "Беларусь 3" адбудзецца прэм'ера аўтарскага праекта пісьменніка Навума Гальпяровіча да Дня беларускага пісьменства "Суразмоўцы". У гутарках з гасцямі Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. Сустрэчу з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і пісьменнікам Аляксандрам Карлюкевічам можна ўбачыць у першым выпуску “Суразмоўцаў” 1 верасня а 20:00. Далей сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі, артыстамі і музыкантамі, педагогамі і грамадскімі дзеячамі будуць выходзіць у эфір кожную суботу і папаўняць відэафонд медыяхолдынга.
Урачыстае адкрыццё юбілейнага Дня беларускага пісьменства адбудзецца 2 верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" а 22:25. Тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад мастацка-тэатралізаванага дзеяння "Малой Радзiме пакланяюся".
Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае ўсіх далучыцца да святкавання юбілейнага XXV Дня беларускага пісьменства.