Навіны

Навіны
Мастацтва
"Дом, дзе жыве мастацтва" на "Беларусь 3"
21 студзеня 2019

22 студзеня ў эфіры “Беларусь 3” прэм’ера васьмісерыйнага дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва” да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 

Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа гісторыю самага вялікага музея краіны – ад заснавальніка Мікалая Міхалапа да цяперашняга кіраўніка Уладзіміра Пракапцова, ад разбурэння скульптур і рабавання фондаў фашысцкімі захопнікамі да аншлагаў падчас сучаснай міжнароднай Ночы музеяў і выстаў у Кітаі, Ватыкане, Іспаніі ды іншых краінах. Дарэчы, прэзентацыя праекта “Дом, дзе жыве мастацтва” адбудзецца 24 студзеня і ў самім музеі падчас урачыстых мерапрыемстваў, якія будзе ладзіць Нацыянальны мастацкі з нагоды юбілею.

24 снежня 1939 года Саветам народных камісараў была падпісана пастанова аб адкрыцці Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску. І пачалася карпатлівая падрыхтоўка, каб урачыста адчыніць дзверы музея, а разам з тым і распачаць доўгую гісторыю, напоўненую цікавымі падзеямі і неверагоднымі, амаль дэтэктыўнымі сюжэтамі.

Тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў восем серый дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва”, якія ахопяць усе этапы станаўлення Нацыянальнага музея. Насамрэч гэта не адзін дом на вуліцы Леніна, і здымачная група пабывала ва ўсіх установах, якія былі філіяламі музея, з’яўляюцца імі зараз ці хутка стануць новым музейным кварталам. Мірскі замак, Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, Дом Ваньковічаў у Мінску – гісторыя Нацыянальнага мастацкага цесна пераплялася з усімі ўстановамі.

У гэтых дамах, дзе жыве мастацтва, аўтары праекта пачулі гісторыі і ўспаміны былых і цяперашніх супрацоўнікаў музея, мастакоў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, нашчадкаў былых кіраўнікоў музея. У фільме здымаліся праўнучка Мікалая Мiхалапа - кандыдат гiстарычных навук Анастасiя Скеп’ян, сын Алены Аладавай - заслужаны архiтэктар Беларусі Вальмен Аладаў, сын Юрыя Карачуна - кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Карачун.

У першай серыі дакументальнай стужкі гледачы “Беларусь 3” даведаюцца, як атрымалася, што беспартыйнага Мікалая Міхалапа прызначылі дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі, хто мусіў адправіць пагоню за Аленай Аладавай, калі яна везла ў Мінск партрэт імператрыцы Кацярыны ІІ, і чаму фашыстамі быў знявечаны “Меркурый з жалейкай” дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена, прывезены з гомельскага палаца Паскевічаў.

Падзеі былых часоў быццам ажывуць перад вачыма дзякуючы малюнкам, што адмыслова былі зроблены для праекта.

З 22 студзеня з аўторка па пятніцу а 19:05 на тэлеканале “Беларусь 3” можна будзе ўбачыць новыя серыі дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва”. А 24 студзеня ў 17:00 у Нацыянальным мастацкім музеі падчас святочных урачыстасцяў да 80-годдзя з дня яго ўтварэння адбудзецца прэзентацыя тэлевізійнага праекта і прэс-паказ стужкі для журналістаў.