Навіны

Навіны
Тэатр
Да юбілею Музычнага тэатра
13 студзеня 2020

Да 50-годдзя Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам буйную тэматычную падборку спектакляў і канцэртаў, запісаных Белтэлерадыёкампаніяй, якія будуць выходзіць у суботу на працягу двух месяцаў.

Сярод спектакляў, праглядам якіх "Беларусь 3" прапануе адсвяткаваць юбілей Музычнага тэатра, - "Жаніхі" І. Дунаеўскага 18 студзеня, "О, мілы сябар!" В. Лебедзева 22 лютага, "Казкі Венскага лесу" І. Штрауса 29 лютага, "Соф’я Гальшанская" У. Кандрусевіча 7 сакавіка. Акрамя таго, гледачоў чакаюць некалькі канцэртных праграм, сярод якіх два вечары, прысвечаныя юбілею прымы тэатра Наталлі Гайды: юбілейны канцэрт 8 лютага і праграма "Віншаванне сяброў" 15 лютага.

Сапраўднай тэлепрэм’ерай стане спектакль "Яўрэйскае шчасце" В. Баснера ў пастаноўцы М. Кавальчыка, запіс якога плануецца ў лютым. Яшчэ адна тэлепрэм’ера - гала-канцэрт да 50-годдзя Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў дзвюх частках "Залаты россып аперэты", які гледачы ўбачаць 25 студзеня і 1 лютага.

Усе спектаклі і канцэрты будуць выходзіць у суботу ў дзённым эфіры "Беларусь 3".