Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да юбілею Алега Елісеенкава
20 верасня 2018

21 верасня кампазітару, дацэнту кафедры мастацтва эстрады БДУКМ Алегу Елісеенкаву споўніцца 60 гадоў - і гэта падстава для тэматычнага эфіру на "Беларусь 3". Тэлегледачоў чакае прэм'ерны выпуск "Майстроў і куміраў", творчы вечар артыста і праграма "Камертон" з удзелам імянінніка.

А 09:50 у эфір выйдзе новы выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога стане Алег Мікалаевіч. У інтэрв'ю вядучай Марыне Драгінай артыст прызнаецца, ці сочыць ён за музычнымі трэндамі, як працуе прадзюсарская раскрутка праектаў у нашай краіне, успомніць, як упершыню яго кампазіцыі загучалі на айчыннай сцэне, і распавядзе, як яму прыйшла ідэя стварэння сцэнічнага вобраза для спевака Аляксандра Саладухі. Таксама тэлегледачы ўбачаць фондавыя запісы Белтэлерадыёкампаніі розных гадоў з лепшымі кампазіцыямі Алега Елісеенкава ў выкананні найвядомейшых эстрадных артыстаў Беларусі.

А 13:15 у эфіры пачнецца аўтарскі канцэрт - творчы вечар Алега Елісеенкава, раней запісаны Белтэлерадыёкампаніяй у студыі "600 метраў". Са сцэны прагучаць такія вядомыя і любімыя творы кампазітара, як "Коні" і "Вёска мая" ў выкананні Анатоля Ярмоленкі, Леся Кодуш і Слава Нагорны парадуюць гледачоў песнямі-хітамі "Можна" і "І ўсё такое". Аляксей Хлястоў выканае "Дзякуй табе", а Аляксандр Саладуха адразу некалькі кампазіцый - "Дарога дамоў", "Мой дом", "Чорныя крумкачы", "Гэта шчасце" і "Мне так не хапае цябе".

Сам маэстра таксама праспваяе некалькі песень, сярод якіх "Салаўіны гай" і "Пушчы Беларусі". Яркай падзеяй сустрэчы стане і выступленне калектыву "Алюр" з цыганскімі напевамі, буянствам фарбаў і душэўнымі мелодыямі.

Вечарам а 23:35 увазе гледачоў будзе прапанаваны выпуск праграмы "Камертон" з удзелам Алега Елісеенкава - аб дзяцінстве і сям'і кампазітара, выкладчыцкай працы са студэнтамі і прафесійнай - са слухачамі, поглядамі на бытавыя і вечныя пытанні - і ўсё з першых вуснаў. У праграме скарыстаныя фондавыя запісы медыяхолдынга і відэа з асабістага архіва юбіляра.