Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
3 снежня 2021

9 снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Паэту-наватару і літаратуразнаўцу, перакладчыку і аднаму са стваральнікаў сучаснай беларускай мовы мы прысвецім тэматычны эфір.

У памятны дзень цыкл відэаролікаў «Мой Багдановіч» упрыгожыць нашы міжпраграмныя перапынкі – дзеячы культуры і мастацтва прачытаюць творы паэта.

У «Навінах культуры» запланаваныя інтэрв’ю з Міхаілам Бараноўскім – кіраўніком Літаратурнага музея Багдановіча, з Барысам Ліўшыцам – дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі. Да 130-годдзя класіка айчыннай літаратуры музычны калектыў рыхтуе святочную вечарыну. Яна адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі 11 снежня. Наш канал падрыхтуе тэлеверсію канцэртнай праграмы.

А 16:00 у праекце «Запіскі на палях» прыгадаем біяграфію Максіма Адамавіча і раскажам пра яго малавядомыя факты. Затым у эфіры прагучыць песенны цыкл «Вянок». Гэта творы з аднайменнага зборніка паэта ў музычнай апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна.

Праграма «Музеі Беларусі» а 17:25 перанясе нас у Гродна і Ракуцёўшчыну: дамы-музеі ў родных краях Максіма Багдановіча зберагаюць памяць пра майстра слова, яго сям’ю.

Завершыцца тэматычны паказ архіўнай дакументальнай стужкай «Я не самотны...», знятай аб’яднаннем «Тэлефільм» Дзяржтэлерадыё БССР у 1982 годзе. Гэтую карціну глядзіце а 17:50.

 

Фота: https://p-shkola.by/.