Навіны

Навіны
Кіно
Беларуская дакументалістыка ў фармаце HD
2 красавіка 2018

3 красавіка на тэлеканале "Беларусь 3" стартуе цыкл дакументальных фільмаў вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". 8 пятнаццаціхвілінных стужак, знятых у 2017 годзе беларускімі аўтарамі, у фармаце HD распавядуць пра лаўрэатаў дзяржаўных прэмій у галіне культуры і мастацтва.

У межах цыкла будуць паказаны два фільмы аўтарства Анатоля Алая і адзін - пра самога кінарэжысёра.

Карціна "Залатая маска" прысвечана народнаму артысту БССР і СССР Расціславу Янкоўскаму. У яго творчым багажы больш за 160 вядучых роляў у класічным, сучасным і замежным рэпертуары тэатра імя Максіма Горкага, дзясяткі роляў у мастацкіх фільмах і тэлеспектаклях, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і савецкага кінамастацтва. Апошні раз Расціслаў Янкоўскі выйшаў на сцэну ў спектаклі з сімвалічнай назвай "Вечнасць на дваіх". Ступіўшы на нябёсы, ён сапраўды застаўся тут, на зямлі, у сваім любімым тэатры, якому быў верны ўсё сваё жыццё.

У кінастужцы "Геній" размова пойдзе пра кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, чыя творчасць сапраўды шматгранная, нібы мазаічнае палатно, створанае з каштоўных аскепкаў рока, класікі, векавых фальклорных традыцый і модных эстрадных прыёмаў. Лёс не паскупіўся на выпрабаванні для маэстра, падрыхтаваўшы яму ўзлёты і падзенні, церні і зоркі, упарты творчы шлях да новых вяршынь. Такія знакавыя вяршыні - мюзіклы маэстра, якія з'яўляюцца музычнымі шэдэўрамі, здольнымі пакараць і весці гледача за сабою, якія збіраюць нязменныя аншлагі не толькі на радзіме, але і на ўсіх гастролях.

Рэжысёрская дзейнасць Галіны Адамовіч таксама будзе прадстаўлена дзвюма працамі. Адна з іх - карціна "Дакументаліст" - распавядзе пра знакамітага кінарэжысёра Анатоля Алая. За сваё творчае жыццё ён зняў 24 дакументальныя фільмы ў якасці рэжысёра і больш за 100 як кінааператар. Галоўная тэма ў яго творчасці - ваенная. Такая ўвага да гэтай тэматыкі невыпадковая - бацька Анатоля Алая прапаў без вестак у самым пачатку вайны. Сын усё сваё жыццё прысвяціў пошуку інфармацыі пра бацьку. І цуд адбыўся: у 2016 годзе ў дрэздэнскім аб'яднанні "Саксонскія мемарыялы" знайшліся звесткі пра яго. Пра гэта рэжысёр зняў фільм "Чорная дарога 2".

Карціна "Поспех" - пра творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і пра пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда", за пастаноўку якой 6 чалавек творчага калектыву Вялікага былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2017 года.

Фільм Ірыны Волах "Барыс Крэпак. Адчуванне Радзімы" пра вядомага мастацтвазнаўца, арт-крытыка, гісторыка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Барыса Крэпака. Для яго адчуванне Радзімы - гэта мастацкія вобразы, створаныя беларускімі мастакамі, якія ён як мастацтвазнаўца аналізуе, пра якія піша ў сваіх кнігах, альбомах-манаграфіях, артыкулах. А таксама асобы саміх мастакоў, як класікаў беларускага мастацтва, так і тых, хто так або інакш звязаны з гэтай зямлёй.

Героі фільма Сяргея Агеенкі "Памяць у бронзе" - беларускія скульптары Генадзь Буралкін, Валянцін Занковіч і Сталін Федчанка, аўтары мемарыяльнага ансамбля "Граніца ў агні" ў Гродне і кампазіцыям "Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць зрабілі крок” у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

Асноўны візуальны і драматургічны эпізод фільма Юрыя Цімафеева "Святое, незабыўнае..." - міжнародны фестываль у горадзе Паставы. Тут творчы калектыў Белдзяржфілармоніі на чале з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Міхаілам Казінцом і заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Крамко будзе паказваць адноўленыя ім песняроўскія музычна-тэатралізаваныя пастаноўкі "Гусляр", "Апокрыф", "Песня пра долю", "Люцыян Таполя".

Стужка Ігара Чышчэні "Міхась Пазнякоў. Словы паэта" пазнаёміць тэлегледачоў з творчасцю вядомага беларускага дзіцячага паэта, з яго малой радзімай - крыніцай натхнення, і грамадскай дзейнасцю ў якасці старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Усе фільмы зроблены Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" у 2017 годзе і будуць дэманстравацца ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" у кожны аўторак, пачынаючы з 3 красавіка, у 20:20 у фармаце HD. Адкрые лінейку стужка Анатоля Алая "Залатая маска".