Навіны

Навіны
Літаратура
“Беларусь 3” віншуе з 80-годдзем Мікалая Чаргінца!
17 кастрычніка 2017

17 кастрычніка сацыякультурны канал медыяхолдынга да 80-гадовага юбілею Мікалая Чаргінца пакажа праграму “Камертон”, прысвечаную яго жыццю і творчасці. Вядомы беларускі пісьменнік, палітык, баявы афіцэр, філосаф і юрыст стане госцем праграмы “Калейдаскоп”, а таксама тэлеканал “Беларусь 3” падорыць гледачам мастацкі фільм “Маёр Ветраў”, створаны паводле яго кніг.

У аўторак заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Чаргінец стане госцем праграмы “Калейдаскоп”, якая на працягу дня таксама прапануе гледачам сюжэт пра творчую сустрэчу пісьменніка з чытачамі ў кнігарні.

Дзяцінства Мікалая Чаргінца прайшло на Камароўцы, дзе ў юнацкія гады ён гуляў у футбол на балоце. Неўзабаве пачалася яго футбольная кар’ера ў Вінніцы і Кішынёве, пасля заканчэння якой маладога чалавека ўзялі на працу ў сакрэтны цэх Мінскага завода імя Леніна, дзе ён рэгуляваў стварэннем абсталявання для атамных падлодак і самалётаў.

Праграма “Камертон” у 10.55 і 20.15 больш падрабязна раскажа пра біяграфію юбіляра, які прымерыў за жыццё не толькі спартыўны касцюм, але і дзелавую тройку Старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, і форму генерал-лейтэнанта міліцыі з усімі ўзнагародамі, а сярод іх – 11 ардэноў і 40 медалёў, у тым ліку савецкага часу. З 1984 да 1987 году Мікалай Іванавіч прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане, дзе быў паранены, але за ім прыехалі туды жыць жонка і дачка, якая пад абстрэламі дабіралася ў школу ў Кабуле. Падзеі той вайны былі пакладзены ў аснову кніг “Тайна чорных гор” і “Сыны”, за якія пісьменнік быў адзначаны міжнароднымі літаратурнымі прэміямі імя С. Міхалкова і А. Фадзеева.

Праект “Камертон” пакажа архіўныя кадры з фонду Белтэлерадыёкампаніі і афганскія запісы з асабістага архіву Мікалая Іванавіча. Гледачы даведаюцца, як кандыдат юрыдычных навук Чаргінец працаваў з непаўналетнімі злачынцамі, будучы начальнікам Ленінскага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Мінска. Пісьменнік сам раскажа пра 100-працэнтную раскрывальнасць злачынстваў падчас працы ў крымінальным вышуку і пра сваю міжнародную палітычную дзейнасць.

Сёння Мікалай Чаргінец з’яўляецца Старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі і за горадам працягвае пісаць кнігі, многія з якіх атрымалі другое жыццё, дзякуючы кінаэкранізацыям.

Тэлеканал “Беларусь 3” прапануе ўвазе гледачоў чатырохсерыйны фільм “Маёр Ветраў” паводле дэтэктыўных раманаў Мікалая Чаргінца, дзе галоўным героем з’яўляецца лейтэнант Раман Ветраў, які за свае неверагодныя подзвігі даслужыўся да звання маёра. З 17 кастрычніка ў 17.00 штодзённа ў эфіры сацыякультурнага канала будзе з’яўляцца чарговая серыя гэтай прыгодніцкай стужкі, з паўторам – у 21.30.

Падзеі фільма “Маёр Ветраў” адбываюцца ў нашы дні ў Чачні, дзе персанаж, прыдуманы Чаргінцом, трапляе ў палон міжнароднага тэрарыста Хакіма, банда якога накіроўвае груз наркотыкаў у родны горад Ветрава – Рэчанск. Маёру ўдалося збегчы з палону, але ваенная пракуратура абвінавачвае Ветрава ў парушэнні загаду камандавання – не ўступаць у змаганне з баевікамі. Аднак герой збягае і са шпіталя, дзе яго ахоўваюць супрацоўнікі ваеннай пракуратуры, каб адправіцца ў Рэчанск і сарваць планы наркамафіі.

Дарэчы, гэты фільм рэжысёра Аляксандра Франскевіча-Лае ў 2007 годзе быў адзначаны прэміяй “За стварэнне складанапастановачнага тэлевізійнага фільма” на VIII Міжнародным тэлекінафоруме “Разам” (Ялта, 2007).