Навіны

Навіны
Гісторыя
"Беларусь 3" ушануе памяць Валерыя Чкалава
1 лютага 2019

Да 115-годдзя з дня нараджэння славутага лётчыка-выпрабавальніка Валерыя Чкалава тэлеканал "Беларусь 3" пакажа шматсерыйны гісторыка-біяграфічны фільм Ігара Зайцава "Чкалаў" і драму Міхаіла Калатозава "Валерый Чкалаў".

Васьмісерыйная стужка "Чкалаў" (Расія, 2012) будзе выходзіць у будныя дні ў дзённым і вячэрнім эфіры. Першая частка - 4 лютага а 13:00 (паўтор а 21:45). Гэта аповед пра невядомыя старонкі з жыцця камбрыга Валерыя Чкалава, чыя біяграфія поўная таямніц, якія доўгія гады старанна ўтойваліся ад вачэй і вушэй народа, і адначасова гісторыя станаўлення авіяцыі ў СССР. Пачынаецца апавяданне з перыяду вучобы Валерыя Паўлавіча, а заканчваецца яго легендарным беспасадачным пералётам з СССР у ЗША ў 1937 годзе.

СССР, 1924 год. Два сябры-лётчыкі Валерый Чкалаў і Аляксандр Анісімаў - лепшыя курсанты Серпухаўскай лётнай школы. Як таленавітыя і перспектыўныя, яны атрымліваюць размеркаванне ў Ленінградскую Чырванасцяжную знішчальную эскадрыллю. Маладым хуліганам няма роўных у небе, аднак іх сяброўства на трываласць выпрабоўвае знаёмства з чароўнай піяністкай Вольгай Арэхавай.

Каб павіншаваць каханую Олю з днём нараджэння, Чкалаў пралятае пад Траецкім мостам. Саперніцтва за сэрца Вольгі пагражае Чкалаву і Анісімаву сур'ёзнымі дысцыплінарнымі спагнаннямі. Дзяўчына нарэшце робіць выбар на карысць Валерыя. Аднак Чкалавым нядоўга даводзіцца атрымліваць асалоду ад ціхага сямейнага шчасця - Валерыя пераводзяць у Бранскую авіяцыйную эскадрыллю...

Вобраз легендарнага лётчыка ўзнаўляўся па дакументальных крыніцах і ўспамінах, якія захаваліся. Стваральнікі карціны падышлі да працы адказна, пастараўшыся зрабіць сюжэтную лінію і спадарожныя дэталі як мага больш праўдзівымі. Аўтар сцэнарыя - Аляксей Паяркоў, знаёмы гледачам па серыяле "Ліквідацыя". Рэжысёр - Ігар Зайцаў.

Біяграфічны фільм Міхаіла Калатозава "Валерый Чкалаў" (СССР, 1941) выйдзе ў эфір у аўторак, 5 лютага, а 15:25. Паводле сюжэта, герою кінакарціны сумна лятаць без фантазій - віражоў, мёртвай пятлі, гарэзных пралётаў пад мастамі. Звольнены за такія свавольствы, Чкалаў становіцца легендарным лётчыкам, выпрабавальнікам першых знішчальнікаў…