Навіны

Навіны
Літаратура
“Беларусь 3” прапануе адсвяткаваць Дзень беларускага пісьменства разам
26 жніўня 2019

У гэтым годзе 1 верасня асноўныя святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства пройдуць у Слоніме. Тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў буйны тэматычны эфір у гэты дзень. Асаблівым сюрпрызам для наведвальнікаў форуму стане магчымасць сустрэцца з калектывам “Беларусь 3” і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай прэзентацыі ўласных праектаў канала. 

31 жніўня своеасаблівай тэлепрадмовай да свята стане паказ тэматычных выпускаў уласных праектаў тэлеканала. Так, а 14:25 у эфір выйдзе “Навукаманія”, якая раскажа пра кнігі ў гістарычным і сучасным кантэксце. А 20:00 гледачоў чакае выпуск аўтарскага праекта Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы”, у якім перад Днём беларускага пісьменства Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч наведае здымачную пляцоўку праекта, каб сімвалічна падвесці вынікі дасягненняў у інфармацыйна-культурнай прасторы за год існавання праграмы і расказаць пра асаблівасці свята ў Слоніме.

1 верасня а 10:00 канал прапануе навінку тэлесезона 2019/2020 - тэлевіктарыну “Сваімі словамі”, якая прапануе гледачам разам з удзельнікамі ўдасканаліць сваё веданне роднай мовы і літаратуры.

А 11:40 і 19:40 гледачоў чакаюць спецвыпускі праекта “Навіны культуры” - у прамым эфіры з месца падзей здымачная група тэлеканала і вядучы Дзмітрый Карась пакажуць форум у Слоніме ва ўсіх фарбах. 

А 12:00 ў эфіры “Беларусь 3” - прамая трансляцыя ўрачыстага адкрыцця XXVI Дня беларускага пісьменства - канцэрта “Зямля мая беларуская” і цырымоніі ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. 

А 20:00 - прамая трансляцыя закрыцця форуму - канцэртная праграма майстроў мастацтваў “Льецца песня па-над Шчарай” і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці. У перапынку трансляцыі а 20:40 для юных гледачоў “Беларусь 3” прапануе “Калыханку” з мультфільмам “Беларуская азбука”.

Каментатары трансляцый адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства ў Слоніме - Дзмітрый Карась і Навум Гальпяровіч.

Акрамя таго, на працягу ўсяго дня на тэлеканале "Беларусь 3" будуць выходзіць мастацкія стужкі вытворчасці студыі “Беларусьфільм”, сярод якіх “Правілы геймера” (07:50), беларускамоўная версія фільма “Анастасія Слуцкая” (13:45) і “Пасля кірмашу” (22:20).

Дарэчы, тым, хто 1 верасня будзе ў Слоніме, тэлеканал прапануе сустрэцца ў 15:00 у Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі (вул. Першамайская, 10), дзе адбудзецца інтэрактыўная прэзентацыя новага праекта “Сваімі словамі”  з удзелам вядучых Алены Трацэнкі і Святаслава Крупенькі. Там жа ладзяць творчую сустрэчу з пісьменнікам Навумам Гальпяровічам - аўтарам праграмы “Суразмоўцы”, які не толькі прадставіць творчы калектыў і мінулых гасцей праекта, але і пагутарыць, як у студыйных умовах (па схеме і сцэнплане праекта), з дырэктарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” Уладзімірам Андрыевічам. 

Такім чынам, наведвальнікі прэзентацыі змогуць на сабе адчуць усе трапяткія моманты тэлевізійнай вытворчасці, паўдзельнічаць у інтэлектуальнай віктарыне і даведацца найцікавейшыя факты пра родную мову і культуру.