Навіны

Навіны
Тэлебачанне
"Беларусь 3" павіншуе з днём нараджэння вядомых беларускіх дзеячаў мастацтва
30 красавіка 2019

1 мая да дня нараджэння Наталлі Гайды, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Яфрэмава сацыякультурны канал медыяхолдынга падрыхтаваў да эфіру выпускі праграм "Беларусь як песня" і "Майстры і куміры" з удзелам ганаровых імяніннікаў, а таксама ўпадабаную гледачамі меладраму Аляксандра Яфрэмава "Рыфмуецца з любоўю" ("Беларусьфільм", 2007). Апроч гэтага, тэлегледачоў чакае канцэрт "Каханне і лёс", а таксама гала-канцэрт зорак аперэты і мюзікл да юбілею Наталлі Гайды.

А 10:10 выйдзе выпуск праграмы "Беларусь як песня", прысвечаны прымадонне беларускай аперэты, народнай артыстцы Беларусі Наталлі Гайдзе. Вядучы праекта Мікалай Скорыкаў цёпла і жыва пазнаёміць з гераіняй выпуску, а архіўныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі дазволяць тэлегледачам атрымаць асалоду ад голаса і майстэрства легендарнай артысткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Адразу пасля - выпуск праекта "Майстры і куміры", у якім Наталля Гайда разам з гледачамі прагартае старонкі ўласнай творчай біяграфіі дзякуючы архіўным запісам Белтэлерадыёкампаніі.

А 11:30 у эфір выйдзе адзначаная фестывальнымі ўзнагародамі меладрама Аляксандра Яфрэмава "Рыфмуецца з любоўю" - спецыяльна да дня нараджэння рэжысёра. Паводле сюжэту, пятнаццацігадовая Марына Бохан заўсёды здавалася шчаслівай, забяспечанай дзяўчынкай, удачлівай і любімай бацькамі. Але цяжкая хвароба ў адно імгненне робіць яе асуджанай. Бацька Марыны - уладальнік невялікай фірмы - імкнецца вывезці дачку на лячэнне за мяжу. Аднак урач Марыны Вольга Мікалаеўна перакананая, што выратаваць дзяўчынку можна на радзіме і што донара трэба шукаць калі не сярод родных, то сярод землякоў, чый генетычны код, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, так або інакш супадае з кодам Марыны. 

Марына бачыць, з якой шчырасцю ставіцца да яе Вольга Мікалаеўна. Няпростая, не па-дзіцячы разумная дзяўчынка пачынае цягнуцца да свайго доктара. Дзякуючы Вользе Мікалаеўне Марына пачынае верыць, што яна паправіцца. Рызыкуючы жыццём, Вольга Мікалаеўна прапаноўвае сябе ў якасці донара па перасадцы касцявога мозгу. Але супадзенне групы крыві не можа служыць абсалютнай гарантыяй спрыяльнага зыходу: кроў донара ў шматлікіх іншых параметрах павінна "рыфмавацца" з крывёй пацыента...

Таксама 1 мая а 22:35 - выпуск праекта "Майстры і куміры" з удзелам народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай. У кампаніі з нязменнай вядучай праграмы Марынай Драгінай спявачка ўбачыць сябе на студыйным экране і з вышыні пройдзенага творчага шляху ўспомніць вехі свайго прафесійнага станаўлення - ад праслаўленых "Верасоў" да статусу незгасальнай зоркі беларускай эстрады.

А 23:35 тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад канцэрта Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча "Каханне і лёс", запісанага Белтэлерадыёкампаніяй у 2006 годзе.

У нядзелю, 5 мая, а 14:45 сацыякультурны тэлеканал пакажа вялікі гала-канцэрт зорак аперэты і мюзікл да юбілею Наталіі Гайды, здымкі якога пройдуць у дзень нараджэння прымадонны ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Апроч гэтага, у планах "Беларусь 3" - запіс яшчэ некалькіх спектакляў з удзелам Наталіі Гайды. Іх тэлегледачы ўбачаць пазней.