Навіны

Навіны
Мастацтва
"Арт-гісторыі" аб шэдэўрах Нацыянальнага мастацкага музея
28 студзеня 2019

27 студзеня тэлеканал "Беларусь 3" прапануе першую серыю прэм'ернага праекта "Арт-гісторыі", прымеркаванага да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. Тэлегледачы пачуюць аповеды пра выяўленчае мастацтва і жамчужыны музея з вуснаў яго навуковых супрацоўнікаў.

Новы праект тэлеканала будзе разнапланавым і правядзе экскурсіі па ўсіх калекцыях музея - ад старажытнабеларускага іканапісу да ўнікальных узораў рускага, еўрапейскага і ўсходняга мастацтва XIX-XX стагоддзяў. Вядучыя праграмы - навуковыя супрацоўнікі музея, даследчыкі твораў мастацтва - прасочаць агульнасусветны след таго або іншага шэдэўра, суаднясуць перыяд стварэння з гістарычным кантэкстам.

Гісторыямі з тэлегледачамі падзеляцца даследчыца рускага і беларускага мастацтва XIX-XX стагоддзяў, старшы навуковы супрацоўнік Надзея Усава; навуковы супрацоўнік, усходазнаўца Мікіта Моніч; вядучы навуковы супрацоўнік Наталія Сяліцкая, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Кацярына Ізафатава.

Цыкл праграм "Арт-гісторыі" будзе выходзіць у эфіры "Беларусь 3" у нядзелю а 19:35. А кожны аўторак на сайце тэлеканала на тэматычнай старонцы будуць выходзіць падкасты - аўдыяверсіі "Арт-гісторый", зручныя для праслухоўвання ў любы час і на любой прыладзе з выхадам у Інтэрнэт. Дарэчы, такі эксперымент праводзіцца на тэлеканале ўпершыню.