Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Акцыя "Майстры культуры - ветэранам" набірае абароты

Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працягваюць сумесную акцыю да 75-годдзя Вялікай Перамогі "Майстры культуры - ветэранам". На наступным тыдні творчая група "Беларусь 3" працягне запіс цэлага шэрагу канцэртных праграм ваенна-патрыятычнай тэматыкі і пакажа іх у эфіры сацыякультурнага канала ў найбліжэйшы час.

Нагадаем, увесь юбілейны год Вялікай Перамогі спецыяльна для ветэранаў "Беларусь 3" будзе пераносіць на тэлеэкраны мінскія тэатральныя сцэны і канцэртныя залы.

Ужо з 27 мая перасовачныя тэлестудыі медыяхолдынга стануць частымі гасцямі на пляцоўцы каля Белдзяржфілармоніі, дзе для запісу запланаваны шматлікія музычныя праграмы: зборны канцэрт творчых калектываў культурнай установы "І памятае свет выратаваны...", які выйдзе ў эфіры 30 мая ў 22:40, і канцэрт ансамбля "Сябры" - "Удзячныя вам", які можна будзе ўбачыць 31 мая ў 22:40 на "Беларусь 3".

У чэрвені-ліпені гледачоў чакаюць новыя канцэртныя праграмы ансамбляў "Харошкі" і "Песняры", выступленні заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі" пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.

Таксама ў чэрвені "Беларусь 3" плануе запісаць спектакль "Хто смяецца апошнім" у сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра.