Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тэматычныя эфіры, прысвечаны знакамітым дзеячам культуры і мастацтва
8 жніўня 2018

На наступным тыдні тэматычны эфір "Беларусь 3" будзе прысвечаны дню нараджэння Вячаслава Нікіфарава і памяці кампазітара Анатоля Багатырова, рэжысёра Віталя Чацверыкова і спевака Мусліма Магамаева. У тэматычным эфіры - ігравое і дакументальнае кіно, імянныя выпускі праекта "Святло далёкай зоркі" і спецыяльная канцэртная праграма.

13 жніўня споўніцца 76 гадоў заслужанаму дзеячу мастацтваў БССР, кінарэжысёру, акцёру, сцэнарысту і педагогу Вячаславу Нікіфараву. Тэлеканал "Беларусь 3" прапануе ў гэты дзень да прагляду а 18:25 адну з ранніх яго прац - карціну "Сын старшыні" (“Беларусьфільм”, 1976).

Таксама ў панядзелак споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння народнага артыста БССР, кампазітара і педагога Анатоля Багатырова. "Беларусь 3" успомніць майстра і яго найлепшыя творы ў імянным выпуску праграмы "Святло далёкай зоркі", які выйдзе ў эфір а 22:35.

16 жніўня магло б споўніцца 85 гадоў народнаму артысту БССР, рэжысёру Віталю Чацверыкову. З нагоды дня нараджэння кінематаграфіста "Беларусь 3" а 10:50 прапануе гледачам камедыю "Саша-Сашачка" (“Беларусьфільм”, 1966) з Наталляй Селязнёвай, Львом Прыгуновым, Уладзімірам Высоцкім, Юрыем Мядзведзевым у галоўных ролях.

Таксама з 16 жніўня па буднях а 13:15 і 21:05 будзе выходзіць у эфір шасцісерыйная гераічная драма Віталя Чацверыкова "Руіны страляюць..." (“Беларусьфільм”, 1970). Сюжэт стужкі заснаваны на рэальных падзеях, апісаных у дакументальнай аповесці Івана Новікава "Руіны страляюць ва ўпор", якая распавядае пра мінскі падпольны рух у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У вячэрнім эфіры а 22:35 гледачоў чакае імянны выпуск праекта "Святло далёкай зоркі" памяці Віталя Чацверыкова.

17 жніўня 1942 года нарадзіўся той, каму наканавана было стаць, мабыць, самым вядомым барытонам цэлай музычнай эпохі і годным чалавекам свайго часу. Народны артыст СССР, эстрадны і оперны спявак, кампазітар Муслім Магамаеў пайшоў на 67-м годзе жыцця, пакінуўшы каласальную творчую спадчыну і любоў мільёнаў слухачоў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ва ўсім свеце.

У дзень нараджэння Мусліма Магамаева "Беларусь 3" пакажа а 9:15 і а 18:00 тэлефільм з цыкла "Апошні дзень" аб лёсе і майстэрстве знакамітага выканаўца.

А 17:00 тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад твораў Мусліма Магаметавіча ў канцэрце-прысвячэнні "Песні мінулага стагоддзя", створаным Белтэлерадыёкампаніяй на аснове фондавых матэрыялаў.