Навіны

Навіны
Кіно
Дзень беларускага кіно на "Беларусь 3"
13 снежня 2018

17 снежня - вялікае свята для беларускага кінематографа: у гэты дзень у 1924 годзе пачалася амаль векавая гісторыя айчыннага кіно, якая падарыла свету нямала найгоднейшых узораў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кінамастацтва. Тэлеканал "Беларусь 3" традыцыйна адзначыць гэты дзень вялікім тэматычным эфірам у кампаніі з гледачамі. У праграме - тэлепраекты пра вядомых беларускіх рэжысёраў і акцёраў, айчынная кінакласіка і тэлепрэм'ера прыгодніцкай стужкі "Правілы геймера".

Адкрые тэматычны эфір а 09:25 выпуск праграмы "Майстры і куміры" з удзелам акцёра і рэжысёра, прафесара БДАМ Аляксандра Яфрэмава, чый фільм "Дунечка" ("Беларусьфільм", 2004) тэлегледачы ўбачаць а 10:20. Стужка прысвечана памяці Мікалая Яроменкі-малодшага (1949-2001), зоркі першага савецкага блокбастара "Піраты XX стагоддзя", серыяла "Чырвонае і чорнае" і іншых не менш вядомых фільмаў.

Дзеянне карціны адбываецца ў 70-я гады мінулага стагоддзя. У драматычным тэатры, дзе працуе мастаком бацька дзесяцігадовай Дунечкі, тэрмінова спатрэбілася ўвесці ў спектакль дзяўчынку. Па просьбе галоўнага рэжысёра Дунечку прывозяць на рэпетыцыю. Так пачынаецца багемнае жыццё галоўнай гераіні фільма. Тут яна знаёміцца з акцёрамі, іх дзецьмі, сярод якіх прыкметна вылучаецца юны Мікалай Іваненка. Яго прысутнасць магічна ўплывае на паводзіны дзяўчынкі, ствараючы смешныя і сур'ёзныя сітуацыі. Удзел Дунечкі ў жыцці тэатра становіцца прыступкай разумення дарослага  жыцця, дзе ёсць і першая закаханасць, і першы творчы поспех, і першае расчараванне, дзякуючы якім спазнаюцца падлеткам першыя ўрокі прыгожага і мудрага...

Далей у дзённым эфіры "Беларусь 3" прапаноўвае а 12:50 мультфільм "Беларуская азбука" ("Беларусьфільм", 2016) і яркую кінапрэм’еру гэтага года - упершыню на тэлебачанні а 13:05 і а 21:05 будзе паказаны дзіцячы прыгодніцкі фільм "Правілы геймера" ("Беларусьфільм", 2018) ад рэжысёра Ігара Чацверыкова. Згодна з сюжэтам, звычайным летнім днём траім сябрам - Змітруку, Юрку і Генку, якія прывыклі бавіць час за камп'ютарам і марылі перамагчы на турніры па кіберспорце, прыйшлося  адкласці сваю любімую  справу. Усё змянілася, калі ў падзямеллі старога храма выпадкова былі знойдзеныя прадметы, якія падштурхнулі  хлопцаў на пошукі разгадкі даўняга сакрэту.

Неўзабаве на дапамогу юным шукальнікам прыгод прыходзіць іх аднакласніца Даша. Сябрам трэба будзе  згуртавацца, прайсці нялёгкія выпрабаванні, праверыць на трываласць сяброўства і вернасць. Ім прыйдзецца супрацьстаяць зламыснікам, праявіць кемлівасць, знаходлівасць і знайсці ключ да разгадкі таямніцы княжацкага палаца.

Праца над фільмам ішла каля года. Карціна здымалася ў Мінску ў Нясвіжскім замку, а таксама ў Бабруйскай крэпасці. Дзеці-акцёры самастойна выканалі складаныя трукі: каталіся на матацыкле, здымаліся пад вадой і правальваліся ў падзямелле.

А 14:55 выйдзе выпуск праграмы "Камертон" з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, акцёра тэатра і кіно Сяргея Чакерэса.

А 15:25 тэлегледачоў чакае аповед пра рэжысёра Уладзіміра Бычкова ў аўтарскай праграме Уладзіміра Арлова "Люблю і памятаю", а адразу пасля - паказ чацвёртай ігравой стужкі Уладзіміра Бычкова, кінапрытчы "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ("Беларусьфільм", 1967) паводле Уладзіміра Караткевіча.

У даўнія часы голаду і татарскіх набегаў акцёр-сатырык Юрась Братчык з'яўляецца перад народам у абліччы Хрыста, і народ верыць у цуд. Гэтую падзею вырашае выкарыстаць хітры манах Басяцкі. Арыштаванага па загадзе кардынала Юрася і яго "сяброў-апосталаў", загрыміраваўшы  і апрануўшы ў адпаведнае адзенне, выводзяць да народу. Галодны люд пачынае маліць аб хлебе, і Юрась вядзе натоўп да засекаў багацеяў. Уцёкшы ад кардынала, Юрась з сябрамі хаваецца ў жаночым манастыры, а затым з дапамогай народу яны разбіваюць і татараў, якія напалі,  і войска кардынала…

У карціне шмат горкай іроніі, драматызму і адначасова гумару, весялосці, аптымізму. Прыгодніцкі сюжэт напоўнены сацыяльна-філасофскім зместам, у фільме багата скарыстаныя матэрыялы летапісаў, біблейскіх тэкстаў. У свой час Уладзімір Караткевіч адзначыў, што гэта "не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех скрозь слёзы, народная драма".

А 17:30 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа камедыю Мікалая Князева "Выкрасці Бельмандо" (Белтэлерадыёкампанія, 2012), у якой ёсць і прыгоды, і эксцэнтрыка, і лірыка, і філасофія з адпаведнымі героямі і крылатымі фразамі.

А 19:15 гледачы ўбачаць работу  беларускага майстра-дакументаліста Анатоля Алая "Чорны крумкач" ("Беларусьфільм", 2017). Тэма ваеннапалонных Другой сусветнай - адна з асноўных у творчасці кінарэжысёра. І гэта невыпадкова, бо ваеннапалонным быў і яго бацька, ваенны ўрач Іван Аляксеевіч Алай, які прапаў без вестак у першыя дні вайны пад Беластокам. Усё жыццё сын шукаў бацьку. Нарэшце з'явілася яснасць, надзея раскрыць лёс бацькі: яго імя значыцца ў архівах нямецкага аб'яднання "Саксонскія мемарыялы". Фільм-расследаванне ставіць усе кропкі над "і" ў гісторыі даўжынёю з жыццё…

У завяршэнне тэматычнага эфіру "Беларусь 3" успомніць акцёраў, якія нядаўна  пайшлі ад нас, і пакажа выпускі папулярных праектаў з удзелам народных артыстаў Беларусі: "Камертон" з Генадзем Гарбуком а 20:15 і "Майстры і куміры" з Мікалаем Кірычэнкам а 22:55.