Навіны

Навіны
Мастацтва
80-годдзе Уладзіміра Арлова на "Беларусь 3"
5 студзеня 2018

6 студзеня кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік, а з нядаўняга часу і тэлевядучы “Беларусь 3” Уладзімір Арлоў адзначыць 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды тэлеканал прадставіць у эфіры тэматычную праграму “Майстры і куміры”, рэтраспектыўны паказ яго тэлеспекталяў, а таксама чарговы выпуск аўтарскага праекта Уладзіміра Аляксандравіча – “Люблю і памятаю” – пра жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.

Уладзімір Арлоў нарадзіўся 6 студзеня 1938 года ў Баку. У васьмігадовым узросце разам з бацькам, які ўзначаліў абласны камітэт ДТСААФ, пераехаў у Гродна, дзе адбылося яго першае сур’ёзнае знаёмства з кіно. Юнак Валодзя трапіў на здымачную пляцоўку фільма “Міколка-паравоз” да знакамітага беларускага рэжысёра Льва Голуба. Пасля гэтага ў яго не засталося сумненняў, кім стаць у будучыні.

Сярэднюю школу Уладзімір Арлоў скончыў з медалём і ў 1958 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на толькі што створанае рэжысёрскае аддзяленне. Па заканчэнні інстытута прыйшоў працаваць у творчае аб’яднанне “Тэлефільм” пры Дзяржтэлерадыё БССР.

“Беларусь 3” 6 студзеня ў 15:35 прадставіць увазе тэлеаўдыторыі чарговы выпуск аўтарскай праграмы Уладзіміра Арлова “Люблю і памятаю” пра пісьменніка і драматурга Кандрата Крапіву.

Уладзімір Аляксандравіч – аўтар дзесяці кніг з серыі “100 выдатных дзеячаў Беларусі”, адна з якіх прысвечана Кандрату Атраховічу – сапраўднае імя байкапісца. У праекце “Люблю і памятаю” Уладзімір Арлоў не толькі распавядае пра творчы шлях вядомых дзеячаў, але і дапамагае гледачам паглыбіцца ў эпоху, у якую жыў творца. Трагічная смерць сына Кандрата Крапівы ў часы вайны, савецкая цэнзура ў дачыненні п’есы “Хто смяецца апошнім” ды іншых твораў і, вядома, асабістае стаўленне да асобы знакамітага пісьменніка самога вядучага дазваляюць намалявяць поўны партрэт драматурга. Уладзімір Арлоў праглядае кадры з архіўнага фонду Белтэлерадыёкампаніі і дзеліцца ўспамінамі. Нагадаем, праграма “Люблю і памятаю” – гэта прэм’ерны праект “Беларусь 3”, які стартаваў у эфіры сацыякультурнага канала ў канцы 2017 года.

7 студзеня ў 11:35 у праграме “Майстры і куміры” з удзелам Уладзіміра Арлова будуць паказаны фрагменты яго кінастужак, сярод якіх – фільмы-канцэрты “Вясёлы цягнік” (1965), “Мелодыі беларускага кіно” (1964), “Песняры” (1971), “І песня ўзлятае сама...” (1982) і інш. Уладзімір Аляксандравіч узгадае, як праходзілі здымкі, раскажа пра сваю першую самастойную працу ў якасці рэжысёра і пра тое, які вопыт ён вынес са знаёмства з легендамі беларускага і савецкага кіно. Ён падзеліцца формулай поспеху і сакрэтам, як яму ўдаецца ўсё паспяваць. 

20 студзеня сацыякультурны канал распачне рэтраспектыўны паказ буйных прац аўтара і рэжысёра – тэлевізійных спектакляў з фондаў медыяхолдынгу. У 15:20 гледачы “Беларусь 3” убачаць тэлеспектакль “Камедыянт” (1987) паводле твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым спектаклі Уладзіміра Арлова, у якім выкарыстана музыка Уладзіміра Мулявіна, ролі выконвалі: Валерый Філатаў, Святлана Кузьміна, Генадзь Гарбук, Генадзь Давыдзька, Уладзімір Шэлестаў.

27 студзеня “Беларусь 3” пакажа тэлеспектакль “Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя” (1990). Ён створаны Уладзімірам Арловым паводле сатырычнага рамана Андрэя Мрыя. У ролях: Уладзімір Варанкоў, Вольга Сізова, Уладзімір Шэлестаў, Валянцін Букін, Генадзь Давыдзька, Аляксандр Ткачонак, Яўген Крыжаноўскі, Анатоль Длускі.

За 40 год працы на тэлебачанні Уладзімірам Арловым створаны дзясяткі дакументальных і мастацкіх фільмаў, спектакляў, канцэртаў, якія сёння складаюць залаты фонд Белтэлерадыёкампаніі.