Прэса

Прэса 2015
По сообщению sn.by («Светлагорскiя навiны»)
7 кастрычніка 2015

   Набірае абароты канцэртны тур ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. 11 верасня адбылася чарговая сустрэча заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь з гледачамі. Яна прайшла ў Светлагорску. Акцыя “Любіць Беларусь!”, у рамках якой і праходзяць выступленні, арганізавана пры ўдзеле тэлеканала “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Мэта акцыі – папулярызацыя каштоўнасцей нацыянальнай культуры, беларускай мовы, песеннай творчасці.

     “Сама назва акцыі падказала рэпертуар для канцэртаў, гэта будуць выключна беларускамоўныя песні, – расказвае мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. – Гомельская зямля дала многа таленавітых артыстаў, у тым ліку і артысты “Бяседы” Святлана Суседчык і Валянцін Кірыленка – з Гомельшчыны. Тут заўсёды нас прымаюць вельмі цёпла, і я спадзяюся, што і ў гэты раз мы апраўдаем чаканні гледачоў”.

     У гарадскім Цэнтры культуры горада сапраўды быў аншлаг. Але музыцы папярэднічала віктарына для знаўцаў роднай мовы, якую правяла вядучая праграмы “Размаўляем па-беларуску” на тэлеканале “Беларусь 3” Алена Трацэнка. “Вядома, галоўная наша мэта – папулярызаваць штодзённае выкарыстанне беларускай мовы, – расказала яна перад мерапрыемствам. – Вельмі радуе тое, што людзі любяць сваё, людзі цікавяцца сваёй спадчынай, нечым новым, што даюць беларуская мова, беларуская культура. І гэта вельмі-вельмі радуе, таму што разумееш, што ёсць будучыня ў нашай краіны”.

     Публіка з душой прымала выканаўцаў, а яны, у сваю чаргу, дарылі слухачам радасць сустрэчы з беларускай песняй. Са сцэны ліліся гукі народных і аўтарскіх песень у канцэртнай апрацоўцы. “Акцыя пройдзе ў 18-ці гарадах Беларусі і завершыцца 10 кастрычніка ў Мінску фінальным гала-канцэртам, – тлумачыць Сяргей Макарэй – намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3”. – Мы прыедзем нават не ва ўсе абласныя цэнтры, але “Бяседа” выступіць у многіх маленькіх гарадах, аграгарадках. Бо мы хочам максімальна прыблізіць народную песню да простых людзей. У кожным горадзе будуць праводзіцца здымкі, вынікам якіх стане цыкл тэлепраграм”.

     Па словах намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3”, акцыя стваралася няпроста. Справа ў тым, што ансамбль “Бяседа” – калектыў Белтэлерадыёкампаніі, які там працуе, і было вырашана, што трэба зрабіць такі тур, як падарунак жыхарам Беларусі, праехаць па розных гарадах. Аб’ядналіся з “Белай Руссю” і стварылі акцыю. Уражанні ад ужо ўбачанага, безумоўна, станоўчыя: прыём вельмі шчыры, публіка задаволена. Калектыў высокапрафесійны, таму па-іншаму і быць не можа. Ён падкрэсліў, што гэта не камерцыйны праект, асноўная мэта – каб людзі купілі той білет, які ім па кішэні, і не расчараваліся.

    – Чысціня і спакой невялікіх гарадоў проста ўражваюць у параўнанні з прыгажосцю вялікіх абласных цэнтраў. Кожны горад нават адной вобласці мае свае адметнасці. Спадзяюся, што гледачы атрымаюць асалоду ад таго, што сёння ўбачаць і пачуюць, – сказаў напрыканцы размовы Сяргей Макарэй.

    Паміж публікай і артыстамі з першых жа хвілін узнікла цёплая эмацыйная сувязь. Ззялі ўсмешкі і было горача ад апладысментаў. Успомніліся словы мастацкага кіраўніка калектыву: “Хочацца, каб нашу Радзіму і тых людзей, што тут жывуць і працуюць, усе любілі гэтак жа, як любіць “Бяседа”.